У Вільні ў арт-прасторы Zolak працуе фотавыстава, галоўнай мадэллю якой стала Таццяна Татарыновіч. Фатограф – Павел Фурс.

Вось як праз свой удзел у выставе піша мадэль Таццяна Татарыновіч:
– Я дакладна не памятаю, як я пачала выказвацца праз аголеныя фатаграфіі. Гэта адбылося неяк само сабой – з унутранай патрэбы. Доўгі час я шукала нейкую мову, праз якую магла б «размаўляць», і ў пэўны момант проста зразумела: маё цела – гэта і ёсць тое, праз што я магу гаварыць.
Мяне часта пытаюцца, ці раблю я гэта дзеля прыцягнення ўвагі мужчын. Гэтае пытанне вельмі мяне здзіўляе. Я хачу расчараваць усіх, хто так думае. Я раблю гэта для сябе – проста таму, што мне так хочацца. Я не прыцягваю сваім целам чыёйсьці ўвагі. Чаму наогул маё цела павінна прыцягваць увагу? Хіба яно – толькі аб’ект жадання або сексуальны аб’ект? Няўжо яно не можа быць аб’ектам болю, смутку, страху, жаху, адчаю, прыгажосці?

Маё цела мае напружанне, пластычнасць, эмоцыі. Яно баліць, раствараецца, можа прыцягваць або выклікаць адштурхненне. Яно размаўляе на мове пачуццяў, як і ўсё астатняе. І так, яно таксама размаўляе на мове сексуальнасці. Але гэтую мову яшчэ трэба навучыцца чытаць – у сабе і ў іншых. Гэта надзвычай цікавы працэс. Я доўга вывучала сваю сексуальнасць і працягваю вывучаць яе. І мне падабаецца пяшчотнасць, з якой мой фатограф і сааўтар усіх нашых праектаў падыходзіць да гэтай тэмы.

Я ніколі не фатаграфуюся як мадэль проста дзеля выявы – мне гэта нецікава. Гэта заўсёды ўзаемаадносіны паміж мной і фатографам у дадзены момант. Гэта заўсёды пэўны стан, у якім знаходзіцца маё цела тут і цяпер. Калі я аголеная, мне лягчэй гаварыць пра важныя для мяне тэмы: пра боль, каханне, адзіноту, страхі, сэкс, сорам, жаданні, уласную далікатнасць і дзікасць. Агаляючыся, я станаўлюся максімальна ўразлівай, а значыць – максімальна шчырай з сабой і з іншымі. Гэта свайго роду таямніца таго, што адбываецца тут і цяпер.

Фотавыставу Паўла Фурса і Таццяны Татарыновіч можна будзе паглядзець яшчэ да канца месяца. Прастора Zolak працуе з 14.00 да 19.00 па буднях. У суботу – з 14.00 да 21.00, у нядзелю выходны.








Беларускае Радыё Рацыя






