BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беластоку адбудзецца прэм’ера спектакля “Птушыны суд”

14 лютага ў Беластоку адбудзецца прэм’ера спектакля “Птушыны суд”, якую падрыхтавала тэатральная студыя Аляксандра Енджэеўскага. У спектаклі ўдзельнічаюць падлеткі, якія вымушаныя былі разам з бацькамі выехаць з Беларусі. Чаму для спектакля была абраная п’еса Сяргея Кавалёва? Як падлеткі з Беларусі ставяцца да беларускай мовы? І ці лёгка ім было адптавацца ў Польшчы? На пытанні, якія датычаць не толькі тэатру, адказваў заснавальнік і кіраўнік студыі Аляксандр Енджэеўскі ў гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: 14 лютага ў Беластоку адбудзецца прэм’ера спектакля “Птушыны суд”. Спачатку паразмаўляем пра сам спектакль.

Аляксандр Енджэеўскі: “Птушыны суд” – гэта працоўная назва, а зрабілі мы гэты спектакль на падставе п’есы Сяргея Кавалёва, якая называецца “Заяц варыць піва”. Мы трошкі скарацілі, трошкі перайначылі, але нам спадабалася такая назва “Птушыны суд”, таму што праз тое, што будзе адбывацца на сцэне, мы хацелі перадаць тое, што адбываецца зараз у свеце, адбывалася ў нашай краіне. Калі птушкі збіраюцца, многа ляманту, шуму. А потым той, хто гэты лямант распачаў, ён паляцеў і пакінуў усіх.

РР: Чаму выбар паў на п’есы Сяргея Кавалёва? Чым яны цябе асабіста закранулі?

Аляксандр Енджэеўскі: П’еса “Заяц варыць піва”, там ёсць вершы Караткевіча, і на падставе беларускіх казак. Там вельмі цудоўнае спалучэнне, Кавалёў гэта ўсё аб’яднаў. Там мова прыгожая, простая. І для дзяцей гэта вельмі проста. І калі казаць пра дзяцей, то некаторыя дзеці ўвогуле не ўмеюць чытаць па-беларуску. І для іх гэтыя заняткі, і калі яны вучаць тэкст па-беларуску, для іх гэта дакрануцца да сваёй радзімы, да таго краю, адкуль яны прыехалі. І пасля спектакля вельмі цудоўна, калі падыходзяць бацькі і кажуць: дзякуй вам вялікі, ніколі мы не ведалі, што для таго, каб мой дзіцёнак хоць трошкі паразмаўляў па-беларуску, для гэтага трэба было з’ехаць з Беларусі.

РР: Ты казаў, што многія дзеці не ўмеюць чытаць па-беларуску. А чаму так сталася, што яны не ўмеюць?

Аляксандр Енджэеўскі: З падлеткамі ўсё добра, таму што яны яшчэ памятаюць як карысталіся кірыліцай, для іх гэта прасцей. І, напрыклад, тры асобы ў мяне ўвогуле размаўляюць па-беларуску і карыстаюцца беларускай мовай у паўсядзённым жыцці. А трошкі цяжэйшая сітуацыя з малымі дзецьмі. Яны ўжо прызвычаіліся да лацініцы і для іх цяжка чытаць кірыліцу. Яны больш на слых успрымаюць беларускую мову. І таму, калі мы з імі рабілі спектакль, я звяртаўся па дапамогу да сваёй калегі, і яна з імі працавала як настаўніца па сцэнічнай мове.

РР: Якое ў дзяцей, якія вымушаны былі пераехаць з Беларусі, стаўленне да беларускай мовы?

Аляксандр Енджэеўскі: Гэта трошкі складанае пытанне. Па-першае, мы прапагандуем беларускую мову праз заняткі. Гэта можа мы, дарослыя, разумеем, што нам вельмі хочацца, каб дзеткі размаўлялі па-беларуску. А дзецям не тое, што не ўсё роўна, што дадуць, тое і будуць яны есці і вывучаць. Ну гэта так, шчыра кажучы. Але мы намагаемся гэта рабіць, і калі паглядзець з дрогога боку, то дзеці, якія ходзяць у тэатральную студыю, яны ўвогуле ў такой прыгожай сітуацыі, калі яны могуць размаўляць на трох мовах: па-польску, па-беларуску і па-расейску. Гэта для мозга вельмі добра. І я спадзяюся, што калі-нікалі яны будуць выкарстоўваць беларускую мову і гэта ім карысна будзе.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя