
14 чэрвеня ў Беластоку прайшоў традыцыйны музычны канцэрт “PODKoffA”. Праз гады ён здабыў сваіх сталых прыхільнікаў і безумоўна зноў іх парадаваў. У арыгінальным ангары былога чыгуначнага дэпо сабралася некалькі соцень прыхільнікаў цікавай музыкі і спеваў. Што адметна – удзел гуртоў і выканаўцаў зусім розных стыляў на гэтым фэсце заўсёды арганічна спалучаюцца.



Адкрыў канцэрт сама сталы ўдзельнік фэсту, папулярны калектыў “Czeremszyna”. Многія песні гурта добра вядомыя беластоцкім аматарам музыкі, якія падпявалі выканаўцам.

Арганізатары на адмысловай выставе прадставілі гісторыю фэсту.


Пасля свае кампазіцыі прадставіў дуэт пад назвай “Deluzja”. На ўваходзе можна было набыць плыткі гэтых ды іншых удзельнікаў фэсту.






Лукаш Вісьнеўскі з сваім гуртом сабраў надзвычай моцныя апладысменты. Гурт доўга не хацелі адпускаць са сцэны. Каманда выканала ўласныя адметныя рок-кампазіцыі.


Завяршала канцэрт Рэната Пшэмык з сваім гуртом, і тут ужо дэцыбелаў не забракла. А прыхільнікі “PODKoffy” з нецярпеннем будуць чакаць наступнага фэсту.
Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя