Беластоцкі музычны клуб стаў месцам, дзе 12-га кастрычніка распачалося святкаванне 25-годдзя вядомага беларускага гурта B:N, якое працягнецца турам па розных гарадах Еўропы.

Паслухаць гурт, які выконваў як новыя песні, што з’явіліся ў 2024 годзе, так і песні з першага альбома, прыйшло каля сотні наведвальнікаў.
Яны падзяліліся сваімі ўражаннямі:
-Вельмі падабаецца канцэрт, вельмі жадаў на яго прыйсці. Вось выкраіў сабе час, каб пасядзець, адпачыць, паслухаць музыку любімую.
-Атмасфера добрая. Музыкі класныя!
-Я адразу скажу, што з творчасцю гурта пазнаёміўся толькі на фестывалі “Тутака”, які быў у 2024 годзе. Мне вельмі спадабалася, я быў проста ўражаны. Для мяне гэта адкрыццё. Канцэрт супер, агонь!

Лідар гурта Алесь Лютыч у захапленні ад беластоцкай публікі і плануе завітаць у гэты горад яшчэ з канцэртам:
-Вельмі задаволены. Калі ехалі сюды, я трошкі хваляваўся, таму што дзень народзінаў, як гэта будзе… Але гэта быў сапраўдны падарунак. І публіка была жывая, і танчылі, і спявалі, са сцэны не пускалі. І зараз яшчэ просяць падпісацца на грудзёх. Таму я лічу, што ўсё атрымалася кайфова. І спадзяюся, што яшчэ вясной мы вернемся ў Беласток з новым альбомам.
Выступ гурта адбываўся больш за тры гадзіны і потым амаль яшчэ паўгадзіны беларусы Беластока не адпускалі музыкаў: бралі аўтографы, рабілі сэлфі і проста гутарылі з імі.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:





Беларускае Радыё Рацыя, Беласток