BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беластоку на курсах “Мова Нанова” ўзгадалі Васіля Быкава

У Беластоку прайшлі чарговыя заняткі курсаў “Мова Нанова”. Гэтым разам, акрамя практычнай часткі, узгадалі народнага пісьменніка Беларусі – Васіля Быкава. Радай Беларускай Народнай Рэспублікі 2024 год абвешчыны – Годам Васіля Быкава з нагоды 100-й гадавіны з дня яго нараджэння, якое будзе адзначацца 19 чэрвеня.

Гаворыць намеснік старшыні Рады, даўні сябра і паплечнік пісьменніка – Сяргей Навумчык:

Як бы не хацеў гэтага Лукашэнка, як бы не хацеў гэтага Пуцін, так ці інакш з незалежнай Беларусі яны нічога не могуць зрабіць, калі ёсць такія імёны, як Васіль Уладзіміравіч Быкаў. Што б не адбылося, калі з намі разам Быкаў, то, я думаю, Беларусь будзе жыць.

– Гэта пісьменнік, які ў асноўным пісаў пра такі экзістэнцыйны выбар чалавека паміж дабром і злом. І яго ваенныя творы менавіта пра гэта гавораць.

Выказаліся і іншыя ўдзельнікі імпрэзы:

– Служыў у чырвонай арміі, прайшоў баявы шлях. Быў некалькі разоў паранены. І затым стаў знакамітым пісьменнікам. Спачатаку ён быў звычайных маладым чалавекам, які патрапіў на фронт бараніць сваю радзіму, блізкіх, а не Сталіна.

Памятаю, як ў дзіцячыя часы жыў у Гародні на тагачаснай, яна называлася вуліца Парыжскай камуны. І там зусім побач была вуліца Свярдлова. Наша настаўніца беларускай літаратуры заўсёды нам паказвала і казала: дзеці глядзіце, вось тут жыве наш жывы класік – Васіль Быкаў.

19 чэрвеня ў юбілейны 100-гадовы дзень нараджэння Васіля Быкава ў Беластоку ў кавярні FAMA адбудзецца памятная вечарына з гэтай нагоды.

Цалкам матэрыял:

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя