
У Беластоку ў фундацыі «У добрым тоне» адбыліся два спектаклі паводле кнігі Вольгі Вялічкі «Мая мама ў турме». На прадстаўленне агулам завітала амаль паўтара сотні чалавек. Пра спектакль распавядае Вольга Вялічка.
РР: Нашай госцяй сёння ёсць Вольга Вялічка — аўтарка кнігі, якая гучыць на хвалях Беларускага Радыё Рацыя. У Беластоку адбыліся спектаклі паводле вашай кнігі. Раскажыце, якія ў вас адчуванні? Як гэта адбывалася? Як гралі акцёры?
— Папраўдзе, я не тэатральны крытык, і гэта мая першая кніга як аўтаркі. Хацелася б, каб хаця б нешта з таго, што гучыць у гэтай кнізе, было выдумкай. Але ўсе гэтыя словы, мары, сны, пра якія гаворыцца, якія граюць дзеці, — гэта рэальныя рэчы. Рэчы, праз якія праходзяць беларускія дзеці разам з намі, дарослымі, каб здабыць свабоду і незалежнасць для нашай краіны.
Гэта вельмі балюча, крыўдна, прыкра. Сёння мы бачым, што зло перамагае дабро, а несправядлівасць распаўзаецца па ўсім свеце. Мы жывём у часе, які не выбіралі, але можам выбіраць, кім нам заставацца. Беларускія дзеці, якія бачылі пратэсты, якія перажылі боль праз арышты іх бацькоў, вельмі востра адчуваюць гэтую несправядлівасць свету, што закранула іх дзяцінства.
Шмат дзяцей гавораць пра гэта сваімі словамі, сваім разуменнем. Але ўсё можна звесці да такіх простых рэчаў: справядлівасць жыве ўнутры, мы яе не бачым. І на вялікі жаль, дабро перамагае зло.
РР: Сёння ў студыі таксама былі дзеці. Гэта дзеці, што гралі ў спектаклі? Ці проста дзеці, што перажылі ўсе гэтыя рэчы?
— Частка гэтых дзяцей — гэта дзеці палітвязняў, іх бацькі сёння знаходзяцца ў беларускіх турмах. А частка — гэта дзеці тых, хто быў вымушаны з’ехаць з краіны з-за палітычнага пераследу.
РР: Дарослыя гледачы, якія сядзелі ў зале, як яны рэагавалі? Ці было адчуванне, што яны адчуваюць і перажываюць разам з вамі?
— У зале было каля 60 чалавек, бальшыня з іх — палякі. І, безумоўна, для іх тое, што адбываецца ў суседняй краіне, выглядае дзікунствам. Было шмат слёз, шмат болю.
Гэта немагчыма глядзець ці чытаць спакойна. Спектакль вельмі кранальны, бо паказвае падзеі праз дзіцячы погляд — просты, шчыры. Гэты спектакль прымушае задумацца, бо ў ім паказана несправядлівасць, якая, на жаль, пануе сёння ў Беларусі.
РР: Спектакль ужо паказалі ў Вільні, цяпер у Беластоку. Што далей?
— Так, у Вільні адбыліся два спектаклі. У Польшчы мы пачалі з Беластока, а праз два дні адбудзецца прэм’ера ў Варшаве. Таксама маем планы паказаць яго ў іншых краінах, але пакуль не будзем агучваць дэталі — пакуль гэта мары, а не канкрэтныя планы. Калі яны стануць планамі, абавязкова паведамім, каб людзі чакалі нас і наш спектакль.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя






