У Беластоку працягвае працу Кніжны кірмаш. Традыцыйна на ім ёсць стэнд беларускіх незалежных выдавецтваў. Таксама прадугледжана вялікая праграма аўтограф-сесій і сустрэч з беларускімі пісьменнікамі.

26 красавіка тут адбылася аўтограф-сесія і сустрэча з празаікам Альгердам Бахарэвічам. Месяц таму ён атрымаў прэмію Ляйпцыгскага кніжнага кірмашу. Кажа Альгерд Бахарэвіч:
-Атрымаў гэтую прэмію, даваў вельмі шмат інтэрв’ю. Адчуў, што гэта такое, калі цябе чытаюць у краіне, дзе ты жывеш. І чытаюць не толькі эмігранты, а нямецкамоўныя чытачы. Паглядзім, што будзе далей, не ведаю. Сапраўды, на апошнім Ляйпцыгскім кірмашы дзве з чатырох галоўных прэмій дасталіся перакладчыку з беларускай і беларускамоўнаму аўтару. І гэта пра нешта сведчыць.
Сёння на Беластоцкім кніжным кірмашы адбудзецца презентацыя кнігі ўспамінаў Ларысы Геніюш з удзелам аўтара прадмовы да кнігі Уладзіміра Арлова. А таксама аўтограф-сесіі Уладзіміра Арлова, Алеся Аркуша і Алеся Белага.








Беларускае Радыё Рацыя






