BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беластоку прэзентавалі кнігу пра міжваенную архітэктуру горада

У Беластоку адбылася прэзентацыя новага выдання «Architektura międzywojenna w Białymstoku» — маштабнай кнігі, прысвечанай архітэктурнай спадчыне горада 1920–1930-х гадоў. Публікацыя падрыхтаваная Управай горада Беластока сумесна з Фондам аховы помнікаў «Na Rubieży» і стала вынікам шырокіх даследаванняў мясцовых спецыялістаў.

Івона Горская і Веслаў Урубель
Івона Горская і Веслаў Урубель

Як адзначыла суаўтарка кнігі Івона Гурская, у выданне не ўдалося ўключыць усё, што хацелася:

– Гэта магчымасць давесці інфармацыю, пра якую ніхто не ведаў. Кніга ўтрымлівае шмат новага. Шмат ілюстрацыяў, розных планаў. Усё не ўдалося змясціць. Бо ёсць фотаздымкі будынкаў з розных перыядаў, якія даюць уяўленне, якія змены яны зазналі. Але ўсё не ўдалося змясціць, бо атрымалася б два тамы.

Суаўтар публікацыі Веслаў Урубель падкрэсліў, што ў кнізе апісаныя ўсе ацалелыя будынкі гэтага перыяду, хоць фактычна ў міжваенны час у Беластоку іх было значна больш:

– Ёсць каталог аб’ектаў, якія захаваліся да сёння. Гэта ключавая справа. Гэта не ёсць расповед пра ўсю архітэктурную асаблівасць міжваеннага перыяду. Інакш бы было 3-4 тамы, калі апісаць аб’екты, якія ўжо не існуюць. Ну і трэба прызнаць, што ў Беластоку шмат захавалася будынкаў з міжваеннага перыяду.

Амаль 600-старонкавая, багата ілюстраваная кніга мае на мэце не толькі навуковае дакументаванне, але і папулярызацыю архітэктурнай спадчыны горада ды падвышэнне грамадскай свядомасці адносна яе каштоўнасці. Кнігу можна набыць у музеях Беластока.

Цана выдання — 60 злотых.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя