
У Беластоку ў беларускім хабе “Новая Зямля” адбылася першая прэзентацыя перавыдадзенай кнігі прафесара Алега Латышонка – “Жаўнеры БНР”. У ёй гісторык распавёў пра беларускія вайсковыя фармаванні ў складзе розных армій у перыяд 1917 – 1923 гадоў, і якія змагаліся за беларускую нацыянальную ідэю:
– БНР мела некалькі ўрадаў, быў момант калі было тры ўрады. БНР у Коўна Ластоўскага, БНР у Варшаве Луцкевіча і БНР у Мазыры Булак-Булаховіча. Усе яны стваралі вайсковыя фармаванні, якія лічыліся часткамі іншых армій, але змагаліся менавіта за Беларускую Народную Рэспубліку, каб такая дзяржава ўзнікла. Мелі розных саюзнікаў, але мэта была адна.

Перавыданнем кнігі Алега Латышонка “Жаўнеры БНР” займаўся фонд “Камунікат”. Яго старшыня – Яраслаў Іванюк кажа, што перавыданне, якое чакала 10 гадоў, было для беларускага чытача доўгачаканым і запатрабаваным.
– Кніга запатрабаваная, я гэта зразумеў паездзіўшы па рознага кшталту кірмашах, дзе сустракаўся з беларусамі, якія не па сваёй волі з’ехалі з Радзімы, з’ехалі з Беларусі. Калі яны набывалі кнігу “Нацыянальнасць – Беларус”, якая была ў нас. Тыя, што набывалі, звычайна пыталі пра кнігу “Жаўнеры БНР”.
Поўная гутарку ў далучаным гукавым файле:

Першапачаткова кніга “Жаўнеры БНР” паўстала на аснове беларускамоўнага перакладу манаграфіі Алега Латышонка 1995 года “Беларускія вайсковыя фармаванні ў 1917 – 1923 гадах”. Гэта яе чацвёртае перавыданне.









Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя