BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беластоку прэзентавалі «Турэмны зборнік»

У Беластоку ў беларускім хабе «Новая зямля» адбылася прэзентацыя «Турэмнага зборніка». У кнігу ўвайшлі вершы, казкі, успаміны, апавяданні і публіцыстычныя тэксты на беларускай і рускай мовах 52-х зняволеных па палітычна матываваных крымінальных справах, напісаныя ў 2020 – 2023 гадах.

Гаворыць рэдактар зборніка, праваабаронца – Алена Лапцёнак:

Свой турэмны вопыт можна апісаць і праз год, і праз два, і праз дзесяць. Проста гледзячы ў якой форме. То бок, гэта будуць мемуары, альбо гэта будзе штосьці мастацкае на гэтай падставе. Таму была задума выдаць менавіта зборнік, куды будуць уключаны розныя па жанрах творы. І разам з тым як мага больш людзей прадставіць.

Адзін з аўтараў, былы палітвязень, чые творы змяшчаюцца на старонках зборніка, – Мікола Папека кажа, што ў цяперашніх умовах пісаць і перадаваць свае творы з турмы стала вельмі складана, але гэта патрэбна рабіць.

– Сітуацыя такая, калі нават беларускія кнігі пачалі прыбірацца з бібліятэк. Для творчасці там значна менш месца. Як некалі пісаў Васіль Гадулька, а вы вазьміце і паспрабуйце вырошчваць кветкі без святла. Там пісаць – гэта не самае лепшае і не самае прыемнае, але неабходнае.

Прэзентацыі «Турэмнага зборніка» прайшлі ўжо ў Вільні ды Беластоку. Чарговая адбудзецца Варшаве.

Цалкам матэрыял:

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя