У надыходзячыя выходныя – з вечара пятніцы 13-га да ночы нядзелі 15-га снежня ў Беластоку будзе праходзіць рэкордны па сваёй даўжыні і прадстаўніцтву бесперапынны канцэрт блюзу. 22 гурты і блюзмэны будуць граць музыку на парцягу 33 гадзінаў.

А пра гэты блюзавы марафон раскажа Госць Рацыі – блюзмэн, музыка гурта Gęsia Skórka і адзін з яго арганізатараў Марэк Гансяроўскі.
РР: У бліжэйшыя выходныя распачнецца блюзавы марафон. Раскажыце пра гэты марафон, што гэта за падзея, дзе яна будзе праходзіць?
Марэк Гансяроўскі: У гэтым годзе будзем граць non stop 33 гадзіны. Сёлетні канцэрт адбудзецца пад дэвізам “Блюз і малодшыя браты”. І будзе гучаць у асноўным блюз, але не забракуе таксама элементаў джазу, рока, фолька, будзе нават беластоцкі рэпер Cira, які выпусціў серыю музычных альбомаў. Пачынае традыцыйна легенда беластоцкага і польскага блюзу Kasa Chorych у пятніцу а 17 гадзіне і пасля 22 выканаўцы бесперапынна. На дзве сцэны граем у гэтым годзе. Эмоцыі з гэтым звязаныя, будуць вельмі файныя, бо будзе што паслухаць. З вядомых выканаўцаў будзе майстар польскай блюзавай гітары Лешэк Ціхоньскі з вядомым перкусістам і госцем Хосэ Торэсам. З Лондану прыедзе вакалістка Sarah Quist, а таксама будзе Cotton Wing – капэла, прызнаная ў гэтым годзе адной з найлепшых польскіх капэл блюзавых. І таксама будзе вельмі вялікая рэпрэзентацыя Падляшша – у ноч з пятніцы на суботу шмат беластоцкіх і падляшскіх гуртоў будзе магчымасць паслухаць.
РР: Чаму менавіта 33 гадзіны?
Марэк Гансяроўскі: Першы рэкорд быў усталяваны спантанна ў 2017 годзе. Мы меліся граць 24 гадзіны, але аказалася столькі ахвочых, што гралі мы 28 гадзін. Потым мы вырашылі, што кожны год будзем дадаваць гадзіну. І ў гэтым годзе выпадае граць 33 гадзіны. Трэба адзначыць, што быў перапынак падчас пандэміі, не было як граць, таму 33 гадзіны ў гэтым годзе.
РР: То будзем думаць, што ў наступным годзе будзе ўжо 34 гадзіны!
Марэк Гансяроўскі: Ну, будзе 34 гадзіны і ў канцы дойдзем аж да тыдня! Маю надзею, што ўсе арганізатары і ўдзельнікі ў добрым здароўі да гэтага часу дажывем. Бо час бяжыць хутка.
РР: Дзе будзе праходзіць мерапрыемства?
Марэк Гансяроўскі: Pab Sześcian, Warszawska 34, Беласток. Сардэчна запрашаем! 33 гадзіны музыкі, кожны знойдзе нешта для сябе.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя