У Беластоку ў хабе «Новая зямля» прайшла чарговая лекцыя ў рамках беларускай ініцыятывы «Твая гісторыя». Гэтым разам размова вялася аб гістарычнай спадчыне паўднёва-ўсходняга рэгіёну Беларусі – пра драўляны архітэктурны дэкор жытлавых будынкаў, распаўсюджаны на Падняпроў’і і Ўсходнім Палессі.

Пра яго асаблівасці і ўнікальнасць распавёў гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства з Гомеля – Яўген Малікаў.
– Гэтая тэрыторыя Беларусі з глыбокай старажытнасці адрознівалася завышанай схільнасцю да дэкаратыўнасці. І гэтая схільнасць хвалямі падсілкоўвалася з таго мастацтва паўднёвага ўсходу, якое даходзіла праз прылеглыя тэрыторыі да тэрыторыі паўднёва-ўсходняй Беларусі. Калі паглядзець на карту, то ў гэтая часты Беларусі сходзіцца вельмі шмат рэк. А рэкі – старажытныя дарогі. Па гэтых старажытных дарогах ездзілі не толькі людзі і тавары, але і мастацкія ідэі.
Цалкам стужка:
Падляскі рэгіён у Польшчы таксама ў многім адметны сваімі ўзорамі драўлянага архітэктурнага дэкору. На думку навукоўца, пэўную частку гэтай традыцыі тутэйшыя жыхары, у тым ліку, прывезлі пасля бежанства пачатку мінулага стагоддзя з тых тэрыторый, пра якія вялася гаворка пад час лекцыі.





















Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






