У Беластоку ў беларускім хабе «Новая зямля» прайшла чарговая сустрэча Размоўнага клуба, арганізаванага мясцовай суполкай Таварыства беларускай мовы.

Гэтым разам тэмай сустрэчы была асоба і творчасць Уладзіміра Караткевіча, 94-ыя ўгодкі нараджэння якога адзначаліся 26 лістапада. Гаворыць адна з актыўных удзельніц Размоўнага клуба – Вольга Казановіч:
-Для кожнага было ўражанне, што Караткевіч – гэта велічыня. І гэта той чалавек, пісьменнік, які адкрыў для нас не толькі наш край Беларусь, а адкрыў Беларусь праз мову, праз слова. І гэта найважнейшае. Ён мастак слова і ў стагоддзях будзе наша мова жыць, дзякуючы яму.
Госць Размоўнага клуба – паэт, пчаляр і былы палітвязень Мікола Папека адзначыў падчас гутаркі, што Уладзімір Караткевіч быў адным з тых беларускіх літаратараў, хто сваёй творчасцю абудзіў нацыю:
-Караткевіч сапраўды той, хто стварыў беларускую нацыю, падняў моладзь, дзякуючы свайму рамантызму. І гэта вельмі шчымлівая і вельмі прыгожая творчасць. І гістарычна-дэтэктыўныя раманы, і пра каханне, і яго паэзія – вельмі прыгожыя, патрыятычныя. Караткевіч – вельмі важная і вельмі высокая асоба, бясспрэчная асоба ў беларускім літаратурным і беларускім жыцці.
А наступная сустрэча Размоўнага клуба пры Таварыстве беларускай мовы адбудзецца 10 снежня і будзе прымеркаваная да Міжнароднага дня правоў чалавека.
Цалкам матэрыял:

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя