19-20 кастрычніка ў Берліне праходзіць Фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova. Адкрыццё фестывалю адбылося з прэзентацыі выставы пераможцаў конкурсу маладых ілюстратараў і дызайнераў ART Pradmova, паведамляе Reform.news.

Вядоўца Павел Баркоўскі адзначыў, што ўпершыню фестываль адкрывае сваю пляцоўку ў нямецкай сталіцы. Да 2020 года мерапрыемства праходзіла ў Беларусі, а ў 2022 годзе адрадзілася за мяжой, адбываючыся ў гарадах з вялікай беларускай дыяспарай. Берлінская праграма фестывалю насычаная. Беларускія і замежныя аўтары, філосафы, перакладчыкі і навукоўцы правядуць дыскусіі і прэзентацыі на тэмы сучасных сацыяльных, культурных і палітычных праблем.
Сёння адбудуцца дыскусіі пра літаратуру з удзелам Святланы Алексіевіч, Альгерда Бахарэвіча і Уладзіміра Арлова, а таксама прэзентацыі новых кніг і вечаровая музычная праграма з удзелам паэтаў і музыкаў.

У нядзелю гледачы змогуць убачыць тэатральную пастаноўку «Зэкамерон» ад «Вольных купалаўцаў», пройдзе дыскусія пра творчасць як спосаб перадачы досведу людзей у Беларусі. Таксама запланаваныя прэзентацыі, уручэнне прэміі імя Алеся Адамовіча, канцэрт Лявона Вольскага, вечар падарожжаў ад Змітра Бартосіка і канцэрт спеўнай паэзіі ад Юстыны і Таццяны Карпіловіч.
Падрабязная праграма даступная на сайце Pradmova, анлайн-трансляцыя ідзе на YouTube-канале фестывалю.