Мемарыяльная дошка ў гонар прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі Паўла Горына ўсталяваная ў Бярозе Берасцейскай вобласці па вуліцы, названай яго імем. Яе адкрыццё было прымеркавана да Дня дзяржаўных сімвалаў. Беларускай мове на мемарыяльнай дошцы ў гонар беларускага навукоўца месца не знайшлося — надпісы выкананы толькі па-расейску, піша «Наша Ніва».

Павел Горын (сапраўднае прозвішча Каляда) нарадзіўся ў Бярозе-Картузскай у 1900 годзе. У час Першай сусветнай вайны быў у эвакуацыі. Вярнуўся на радзіму ў 1919 годзе, удзельнічаў у польска-бальшавіцкай вайне, быў камендант Пружанаў.
Пасля вайны скончыў маскоўскі Камуністычны ўніверсітэт імя Свярдлова, пазней – Інстытут чырвонай прафесуры. Працаваў рэдактарам савецкіх часопісаў, намеснікам дырэктара Інстытута гісторыі Камуністычнай акадэміі.
У 1931 годзе Павел Горын быў выбраны новым прэзідэнтам Беларускай акадэміі навук. Пры ім яна была рэарганізавана, пачала стварацца сістэма падрыхтоўкі навуковых кадраў – інстытут аспірантуры і дактарантура.
У жніўні 1937 года навуковец быў арыштаваны НКВД і прыгавораны да расстрэлу па абвінавачванні ва «ўдзеле ў контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі». Рэабілітаваны ў 1955 годзе.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: BEREZA.BY






