30 снежня ў Хельсінкі памёр вядомы перакладчык з фінскай мовы, аўтар перакладу карэла-фінскага эпасу «Калевала» Якуб Лапатка.

Нарадзіўся ў 1944 годзе ў вёсцы Аўсюкова Расонскага раёну Віцебскай (тады Полацкай) вобласці. У 1961 годзе скончыў вясковую школу-дзесяцігодку. У школьныя гады, падчас паездак да сваякоў у Карэлію, вывучыў карэльскую мову.
У 1967 годзе паступіў у Менскі дзяржаўны інстытут замежных моў (цяпер Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт), дзе атрымаў спецыяльнасць перакладчыка з англійскай і іспанскай мовы. Дваццаць гадоў працаваў настаўнікам іспанскай мовы ў сярэдняй школе №5 горада Наваполацка. Быў сябрам літаратурнага аб’яднання «Крыніцы», якое ўзначальваў Уладзімір Арлоў. Выступаў актыўным ініцыятарам стварэння ў сваёй школе беларускіх класаў. Са сваіх вучняў стварыў гурток перакладчыкаў на беларускую мову. Склаў першы іспанска-беларуска-рускі слоўнік для школьнікаў.
У 1993 годзе на запрашэнне Саюза перакладчыкаў Фінляндыі прыбыў на стажыроўку ў Хельсінкі. Прайшоў пяцісеместравы курс фінскай мовы і дыялекталогіі, куды пасля адпаведнага іспыту быў прыняты адразу на апошні, пяты курс. Некалькі гадоў працаваў у Хельсінкскім універсітэце, выкладаў беларускую мову на факультэце славістыкі, таксама быў рэферэнтам-перакладчыкам у Інстытуце сусветнай культуры пры Хельсінкскім універсітэце.
У 2015 годзе ажыццявіў пераклад на беларускую мову карэла-фінскага паэтычнага эпасу “Калевала”. За гэтую працу стаў першым лаўрэатам прэміі імя Карласа Шэрмана. Усяго выдаў больш за трыццаць кніг перакладаў з фінскай, нямецкай, французскай, іспанскай, стараіспанскай, старапартугальскай, старашведскай, лацінскай на беларускую і расейскую мовы, а таксама шэраг уласных работ: слоўнікаў, размоўнікаў, граматычных нарысаў і дапаможнікаў для тых, хто вывучае фінскую мову.






