BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У эфіры Радыё Рацыя прагучыць кніга Вольгі Вялічкі «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме»

З 10 лютага ў эфіры нашага радыё пачне гучаць аўдыёверсія кнігі дзіцячага псіхолага і грамадскай дзяячкі Вольгі Вялічкі «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме». У гэтай кнізе сабраныя дзясяткі гісторый з асабістымі перажываннямі беларускіх дзяцей, чые бацькі апынуліся ў турме пасля 2020 года па палітычна матываваных крымінальных справах. Гаворыць аўтарка кнігі, якая сама яе і агучыла.

Кніжка пачала жыць сваім жыццём. Яе можна было набыць, людзі яе чыталі, абмяркоўвалі. Па маёй кнізе гарадзенскія акторы паставілі спектакль, і ў лютым мы пакажам яго ў Беластоку. Такім чынам, яна пачала жыць сваім жыццём, дайшла да журналістаў, і яны прапанавалі яе агучыць. Таму я рада, што гэтая кніга напісана не дзеля таго, каб стаяць на паліцы, ляжаць у шуфлядзе ці пад шафай, а яна жыве, яе абмяркоўваюць людзі.

Аўдыёверсія кнігі «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме» будзе дапаўняць цыкл іншых кніг на тэму турэмнай літаратуры, якія ўжо гучалі ў эфіры нашага радыё. Гаворыць праграмны рэдактар Радыё Рацыя — Юрка Ляшчынскі.

Гэта вельмі добра дапаўняе тое, што ў нас ужо ёсць на Радыё Рацыя „Беларуская турэмная літаратура“. Гэта не гісторыі вязняў, але іншы бок той жа тэмы. Яна таксама дапаўняе гэтую турэмную літаратуру. Лёс гэтых дзяцей, лёс іх бацькоў, а таксама тое, як з імі працаваць, як жыць у такой сітуацыі — гэта ўсё вельмі важна, і нам хацелася б, каб гэта прагучала. Тады мы з Вольгай дамовіліся, што цэлую кнігу трэба прачытаць у эфіры нашага радыё.

Кніга «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме» ў выкананні аўтаркі Вольгі Вялічкі пачне гучаць у 23 частках на вольных хвалях нашага радыё ад панядзелка 10 лютага. Прэм’ера кожнага буднага дня а 12:20 і паўторы ўвечары ў 21:20, і ранкам наступнага дня а 9:20. Па беларускім часе – на дзве гадзіны пазней.

Цалкам матэрыял:

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя