Гістарычнае мінулае, якое не так лёгка заўважыць на першы погляд. Каб па-сапраўднаму дакрануцца да мінулага гэтага горада, трэба выправіцца ў яго старую частку, далей ад вакзала і цэнтральных вуліц. Распавядзем вам, якія цікавосткі схаваныя на вуліцах старой часткі горада Барысаў.
Магчыма, калі вы не дужа знаёмыя з горадам Барысавам, адной з першых асацыацый пра горад можа усплыць у памяці вобраз вялікага стадыёна Барысаў-Арэна футбольнай каманды БАТЭ. Імаверна, нават калі вы і былі ў гэтым горадзе, то не паспелі заўважыць нейкія гістарычныя цікавінкі. Бо, каб іх пабачыць, давядзецца ехаць далёка ад вакзала і цэнтральных вуліц, праехаць амаль увесь горад, перасекчы раку і толькі там вы трапіце ў стары горад, у яго гістарычную частку.
Тут маецца спалучэнне культур, якое прыемна уражвае і цяпер: побач, на невялікім кавалку зямлі ў самым цэнтры старога горада знаходзіцца каталіцкі касцёл, праваслаўны сабор і габрэйская сінагога. Што сведчыць пра даўнюю традыцыю міралюбства і сапраўднай (а не той, пра якую кажа тэлевізія) талерантнасці мясцовых жыхароў. Бо цяперашнія збудаванні мо і не дужа старажытныя, але паўсталі на месцы драўляных будынкаў-папярэднікаў, якія выконвалі тыя ж функцыі і паўсталі некалькі стагоддзяў таму.
Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі вы знойдзеце на вуліцы 3-га Інтэрнацыянала 28. Першыя згадкі пра храм адносяцца да ХVII стагоддзя, калі ў 1642 годзе на гэтым месцы быў закладзены першы каталіцкі храм у горадзе. Тады на яго месцы стаяў драўляны касцёл, які, як і многія пабудовы таго часу, не вытрымаў выпрабаванне агнём – у 1806 годзе ён згарэў дашчэнту. Але ўжо праз некалькі гадоў, у 1823 годзе, на тым самым месцы быў узведзены новы каменны храм у стылі позняга класіцызму.

XX стагоддзе прынесла новыя выпрабаванні. У 1936 годзе савецкія ўлады закрылі храм. Будынак выкарыстоўвалі як склад, а пасля вайны тут нават працаваў кінатэатр і спартыўная зала. У гэты перыяд была разабрана званіца – здавалася, храм губляе сваё гістарычнае аблічча незваротна. Але рэстаўрацыя скончылася ў 1990-я гады, калі касцёл зноў быў адноўлены практычна ў яго пачатковым выглядзе. Сёння гэта трохнефная базіліка з уражлівай пяціяруснай вежай-званіцай.
Вялікая сінагога знаходзіцца трошкі далей, па адрасе вуліца 3-га Інтэрнацыянала-49. Габрэйская абшчына ў Барысаве існуе з XVI стагоддзя. Калісьці яна была адной з найбуйнейшых у Беларусі. Да пачатку XX стагоддзя ў горадзе жыло больш за 10 тысяч габрэяў, працавала сем сінагог. Вялікая сінагога была пабудавана ў 1912 годзе. Яна мела высокія аркавыя вокны, трохкутны франтон, багаты дэкор, асабліва ўражвала вітражная Зорка Давіда на фасадзе. У пасляваенныя гады ў былой сінагозе размяшчаліся розныя ўстановы. У 1962 годзе будынак сур’ёзна перабудавалі, цалкам змяніўшы ягоную архітэктуру. Да нашага часу яна прыйшла ў запусценне, але ўсё яшчэ
знаходзіцца ў добрым стане.
А калі прайсці па гэтай жа вуліцы да наступнага скрыжавання, перад вамі адкрыецца Васкрасенскі сабор, які адносіцца да вуліцы Лапаціна 34. Гісторыя цяперашняга сабора адносіцца да 1874 года. Тады на месцы старажытнай драўлянай царквы, якую пабудавалі яшчэ ў 1620—1648, узвялі мураваны храм. У 1907 годзе побач з саборам узвялі і манументальную двухярусную браму-званіцу. У 1930-я гады храм закрылі. Званы скінулі і адправілі на пераплаўку. Унутранае ўбранне разрабавалі. Пасля гэтага ў будынку было ўладкавана збожжасховішча. На сёння сабор адрэстаўраваны і ёсць адной з найбольш вядомых візітовак горада.

Але і акрамя гэтых трох “зорак” архітэктуры старога горада, тут можа знайсці і іншыя збудаванні, якія адносяцца да ХІХ і пачатку ХХ стагоддзя. Так, непадалёк захаваліся гандлёвыя рады, якія збудавалі ў 1892 годзе і ў якіх месціліся 112 крамаў. Па адрасе Лапаціна 41 захавалася яшчэ адна сінагога Хеўрэ тылім 1911 года, а таксама будынак габрэйскага вучылішча Талмуд Тора. Вакол плошчы, дзе размяшчаецца сабор, захаваліся і дамы гарадской забудовы канца ХІХ і пачатку ХХ стагоддзя: жылыя дамы, аптэка, кантора і гэтак далей. Акрамя таго, непадалёк ад цэнтра старога горада можна адшукаць і рэшткі турэмнага замка ХІХ стагоддзя.
Хочацца спадзявацца, што цяпер вашы ўяўленні пра гэты горад змогуць стаць больш насычанымі, разнастайнымі, ды не абмяжуюцца выключна футболам.
К.С., Беларускае Радыё Рацыя






