Зусім нечакана для аўтаркі, Евы Вежнавец, яе кніга «Па што ідзеш, воўча?» стала сапраўдным бэстсэлерам. Яна ўжо чатыры разы перавыдавалася. Прэзентацыі яе прайшлі ў Польшчы, Літве, Чэхіі, Нямеччыне. Кнігу ўжо пераклалі на некалькі еўрапейскіх моваў.

Кажа аўтарка:
-Перакладаецца яна чамусьці на такія мовы, што я і ўявіць сабе не магла. Ангельскага і польскага перакладаў яшчэ няма. І я не буду адкрываць таямніцы, ці будзе, але чамусьці на скандынаўскія, нямецкую, чэшскую і кавалачкам на славацкую яна была перакладзена. І я вельмі радая, што я ніколі не прапіхвала сваёй літаратуры, бо мне гэта было б непрыемна. Мне хацелася, каб гэта хто-небудзь заўважыў, палюбіў і захацеў сам перакласці. І ў прынцыпе яно так і атрымалася.
Але і беларуская дыяспара ў Амерыцы палюбіла гэтую кнігу. Сёння ў Рэдмандзе ў Кніжным клубе беларусаў Сіэтлу адбудзецца яе абмеркаванне. Беларусы Сіэтлу таксама паведамілі, што ствараюць для сваіх патрэбаў бібліятэку беларускіх кніг. Гэты праект яны назвалі «Беларуская палічка».
Беларускае Радыё Рацыя






