Нямецкі перакладчык Томас Вайлер стаў лаўрэатам Ляйпцыгскай кніжнай прэміі за найлепшы пераклад. Ён уганараваны за пераклад з беларускай мовы кнігі «Я з вогненнай вёскі…» Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка.

Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. «… дзве з чатырох найважнейшых кніжных прэмій выставы дасталіся сёлета беларускім кнігам у нямецкім перакладзе. І абедзве пераклаў Томас Вайлер. Такога не бывала яшчэ ніколі ў гісторыі. Віншую майго дарагога перакладчыка!»
26 сакавіка сам Альгерд Бахарэвіч быў адзначаны Ляйпцыгскай кніжнай прэміяй еўрапейскага паразумення. Узнагароду беларускаму пісьменніку ўручылі за раман “Сабакі Еўропы”.






