У горадзе Ліда ў наступным годзе з’явіцца помнік беларускаму паэту – Валянціну Таўлаю. Плануецца, што ён будзе ўсталяваны 7 верасня 2025 года ў Дзень беларускай пісьменнасці, які будзе ў сябе прымаць гэты заходне-беларускі горад. Бронзавы помнік будзе стаяць (на ўскраіне горада) на скрыжаванні вуліц Таўлая і Качана.

Валянцін Таўлай вядомы пад творчымі псеўданімамі Усяслаў Барвінец, Янка Бунтар, Васіль, Ілюк Прышчэпа (сумесна з Янкам Брылём), Паўлюк Сірата, В. Тарскі нарадзіўся 8 лютага 1914 года ў Баранавічах у сям’і чыгуначніка. Дзяцінства прайшло ў вёсцы Рудаўка на Слонімшчыне.
Пачатковую адукацыю Валянцін атрымаў у польскай школе ў Лідзе. Пад час яе ў 7 гадоў ён напісаў свой першы верш — «Верабейкі» («Wrobelki», на польскай мове ).
У 1927 – 1929 гадах вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Ва ўзросце 25 гадоў Валянцін Таўлай перабраўся жыць назад у Ліду, дзе жыў у доме Кіры Брант, яго першай жонкі, працаваў у рэдакцыі газеты «Уперад». У гэты перыяд займаўся творчай працай, рыхтаваў да друку вершы для свайго зборніка «Шляхі і краты».
Пасля вайны Валянцін Таўлай перабраўся ў Менск, дзе ў 1945 – 1947 гадах працаваў навуковым супрацоўнікам, намеснікам дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы. 18 верасня 1946 года ў складзе дэлегацыі беларускіх пісьменнікаў на чале з жонкай песняра Уладзіславай Луцэвіч прымаў удзел у адкрыцці гарадской бібліятэкі імя Янкі Купалы ў Лідзе.
Памёр 27 красавіка 1947 года ад хваробы сэрца ва ўзросце 33 гадоў.
Пахаваны ў Менску на Вайсковых могілках.
Яго імем названыя вуліцы ў Баранавічах, Гародні, Лідзе і Маладэчне. Бібліятэкі ў Баранавічах і Лідзе. У 2014 годзе да 100-годдзя паэта Белпоштай быў выпушчаны адмысловы канверт, а ў Лідзе адкрытыя дзьве памятныя шыльды на будынку рэдакцыі «Лідскай газеты» («Уперад»), у якой ён працаваў, і на доме, у якім ён жыў у 1939 – 1941 гадах.


Аб’яўлены адкрыты конкурс эскізных праектаў помніка «Валянцін Таўлай».
Слухайце архіўную стужку з адкрыцця памятных шыльдаў Таўлаю да 100-годдзя паэта:
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя