BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Лодзі адкрылася выстава Антося Сівых “Вершаформы”

Да 14 снежня ў Лодзі можна наведаць выставу беларускага культурнага дзеяча Антося Сівых “Вершаформы”

Паэт і рэжысёр, адзін з заснавальнікаў Lodka Production Антось Сівых (sivyh.com) некалькі гадоў таму зацікавіўся каліграфіяй і пачаў ствараць у незвычайнай тэхніцы ілюстрацыі да ўлюбёных вершаў альбо адлюстроўваць вобразы гарадоў са сваіх падарожжаў. Такіх прац назбіралася ўжо даволі багата, і вось 22 лістапада ў Музеі мастацкай кнігі ў Лодзі адкрылася першая персанальная выстава “Вершаформы”.

Графічныя формы ўзнікаюць з каліграічных надпісаў вершаваных радкоў праз асабістыя рэфлексіі, такая візуалізацыя даволі цікавая і арыгінальная. Адной з мэтаў сваёй творчасці Антось Сівых бачыць дыялог з гледачамі, абмен думкамі і развагамі. Паколькі ён часта піша проста на вуліцах, то заходзяць размовы пра паэзію, мастацтва, мову, жывыя стасункі дапаўняюць сам творчы працэс.

На эпахальны верш Максіма Багдановіча “Пагоня” Антось Сівых зрабіў нават тры вершаформы.

Сярод ілюстрацый на выставе таксама прадстаўлены працы на вершы Тодара Кляшторнага, Юрыя Таўбіна, Анатоля Сыса, Ларысы Геніюш, Бадлера і нават вытрымку з Бібліі.

“Адкрыццё выставы – гэта толькі пункт А, будзе яшчэ некалькі падзеяў, сярод якіх літаратурныя чытанні падчас польскага фестываля “Пуль літаратуры” (https://www.facebook.com/FestiwalPulsLiteratury), на якім я буду нажыва ствараць каліграфічныя формы на вершы, якія абярэ публіка. Таксама будзе змяняцца і сама прастора: дадавацца новыя працы, з’явяцца роспісы на сценах. У планах – аздабленне вершамі пра Лодзь розных аўтараў адмысловай скульптуры, таму мы яшчэ далёка ад пункту Б”, – распавёў Антось Сівых.

Сам ён на працягу дзеяння выставы абяцае прыходзіць у першай палове дня, каб працаваць на месцы, і запрашае да абмеркаванняў і размоваў усіх жадаючых.

Музей мастацкай кнігі адчынены ад аўторку да суботы ў гадзінах 11-18 у Лодзі на вуліцы Piotrkowska 86, Kamienica pod Gutenbergiem.

Ян Стэфанчук, Беларускае Радыё Рацыя