У Магілёве збіраюць подпісы супраць знішчэння парка пад музей расейскага цара.

У горадзе праходзіць грамадскае абмеркаванне ўзвядзення новага музейнага комплекса. «У сувязі з пачаткам грамадскага абмеркавання па канцэпцыі рэканструкцыі парка імя Горкага заяўляем, што выступаем рашуча супраць узвядзення ў гэтым месцы музейнага комплекса і любых іншых аб’ектаў, якія запатрабуюць знішчэння дрэваў і разбурэння археалагічнага пласту замчышча», — гаворыцца ў петыцыі.
Яе аўтары заяўляюць, што будаўніцтва парушыць шэраг нормаў заканадаўства, пры рэалізацыі праекта з падземным паверхам будзе цалкам знішчаны культурны пласт на тэрыторыі найбольш старажытнай часткі горада — колішняга Магілёўскага замка, які існаваў у XVI–XIX стагоддзях.
З 2005 года ў праекце зон аховы гістарычнага цэнтра Магілёва забаронена любое будаўніцтва на плошчы Славы (раней Савецкай) акрамя навукова абгрунтаванага аднаўлення страчаных будынкаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: petitions.pro