З 11 ліпеня да 14 верасня ў Менску будзе працаваць выстава пад адкрытым небам «ЛЕ КАРБЮЗЬЕ: менскае рэха». Выстава падрыхтавана напярэдадні і ў рамках XVI Нацыянальнага фестываля архітэктуры, прысвечанага 90-годдзю Беларускага cаюза архітэктараў.

Паведамляецца, што яна арганізаваная творчым саюзам сумесна з Музеем гісторыі горада Менска па ініцыятыве і пры падтрымцы Пасольства Францыі і Пасольства Швейцарыі ў Рэспубліцы Беларусь.
Як адзначаецца ў анонсе, расшыфроўваючы архітэктурныя канцэпты Ле Карбюзье, можна па-новаму зірнуць, на маштабнае будаўніцтва менскіх мікрараёнаў 1960–1980-х гадоў, на водна-зялёны дыяметр, што апяразвае Менск і наогул на гарадское асяроддзе. Экспазіцыя будзе змешчаная ў двары Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, што на пл. Свабоды, 15.






