BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Мюнхене адбудзецца фэст беларускай культуры „Мінск x Мінга“

Іна Валіцкая. Здымак: Будзьма беларусамі


Мінск x Мінга — такі трэці па ліку фестываль беларускай культуры ў Мюнхене пачнецца крыху больш чым праз тыдзень. Ён пройдзе 11, 12 і 13 кастрычніка. У праграме — Music for Belarus, Minsk x Minga Talks: «Беларускія сляды ў Германіі» ад Алеся Чайчыца, Канцэрт: Leibonik, Syndrome Samazvanca, Чытанні і размова: «Па што ідзеш, воўча?» з музычным суправаджэнні Ягора Забелава ды так далей, — распавяла нашая сённяшняя Госця Рацыі, адна з каардынатарак фестывалю незалежнай беларускай культуры Мінск х Мінга, актывістка згуртавання RAZAM e.V. Іна Валіцкая. Падрабязней — у гутарцы з Алісай Поль:

РР: Раскажыце прадгісторыю гэтага фестывалю. Як даўно ён ладзіцца, якая была яго асноўная ідэя і гэтак далей?

Фестываль мы ладзім ужо трэці раз. У 2022 годзе нарадзілася такая ідэя. Мы размаўлялі з рознымі арганізацыямі пра тое, што ёсць такая беларуская дыяспара, яна даволі актыўная, і нам хацелася б атрымаць нейкую інстытуцыйную падтрымку, пачаць ладзіць сур’ёзныя імпрэзы. Так і нарадзіўся гэты фестываль. Нас падтрымала Беларуская канцылярыя, таксама нашы сябры з Heintze Stiftung. Потым з’явілася яшчэ некалькі фундацыяў, таму што вы разумееце, што мы не можам цалкам арганізаваць гэта на валанцёрскіх асновах. Для нас вельмі важна, каб людзі, якія прыязджаюць да нас і выступаюць, атрымлівалі ганарар, таму штогод нам патрэбна пэўная падтрымка. Аднак бальшыня людзей, якія дапамагаюць ствараць фестываль, працуюць як валанцёры. Такім чынам, мы зладзілі першы і другі фестывалі. Фокус кожны год крыху іншы, таму што ў 2022 годзе пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, і гэта моцна паўплывала на тэмы, якія гучалі на фестывалі. У гэтым годзе мы будзем больш звяртаць увагі на праблемы беларускіх палітвязняў. Вядома, гэта праблема была і два гады таму, і год таму, але цяпер сітуацыя крытычная. Пра многіх людзей мы ўжо не маем ніякіх звестак, таму на фестывалі мы абавязкова будзем пра гэта казаць.

РР: Якія асноўныя пункты праграмы сёлетняга фестывалю? На што звяртаеце ўвагу?

У нас будзе адкрыццё ў Amerikahaus, гэта нашыя спонсары ў гэтым годзе, якія бясплатна далі нам памяшканне. Будзе вялікі класічны канцэрт нашых мастакоў, фартэпіяна і скрыпка будуць гучаць. Будуць творы еўрапейскіх і беларускіх кампазітараў. Таксама ў гэтым годзе мы супрацуем з Bundeszentrale für politische Bildung, арганізацыяй, якая займаецца палітычнай адукацыяй па ўсёй Нямеччыне. Мы ладзім праграму «Minsk x Minga Talks», дзе фокус на адукацыі. Будзе размова з Алесем Чайчыцам пра беларускія сляды ў Баварыі. У нядзелю будзе майстар-клас з Русяй Шукюравай, вядомай па дуэце Shuma і іншых праектах. Руся будзе расказваць пра тое, як патрыярхальнае мысленне ўплывае на наш голас, як працаваць з голасам, як яго паляпшаць і як голас уплывае на нашае жыццё ў розных сферах — у бізнесе, асабістых стасунках, і так далей.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

Фестываль Мінск x Мінга адбудзецца пры падтрымцы Дзяржаўнай канцылярыі Баварыі, Федэральнага агенцтва грамадзянскай адукацыі, Heintze Stiftung і Amerikahaus.

Беларускае Радыё Рацыя