У Полацку з“явіўся мурал з князем Усяславам Чарадзеем. Праект стаўся працягам супрацы Urban Myths (Signal project) з кампаніяй Betera.
«Містычны і авантурны герой свайго часу, які праз паразы і выгнанні нязменна працягваў гульню па сваіх правілах, ішоў да мэты і верыў у поспех» — такое апісанне даецца муралу.
– А яшчэ менавіта ён распачаў будаўніцтва Сафійскага сабора — сімвала палітычнай самастойнасці нашых земляў. На мурале Усяслава Чарадзея суправаджаюць сокал, воўк і чорны кот. Сокал у народнай традыцыі сімвалізуе сонца, перамогу і ўладу. Воўк асацыюецца са свабодай, а кот у беларускім фальклоры звязаны з містычным светам, — адзначаюць аўтары праекту.
Аўтарам эскізу выступіла студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандра Прыма.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Betera