BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Польшчы здымаюць музычны фільм паводле спектакля «Споведзь»

Гэты артхаўс прысвечаны самаідэнтычнасці беларусаў. Аўтары відэа – аб’яднанне Heartbreaking Performance. Першы эпізод – кліп на песню «Ай мама, мама» – можна будзе ўбачыць ужо 9 лютага ў 18:00 па Варшаве.

Сённяшняя Госця Рацыі – прадстаўніца аб’яднання, музыка AnaMova, – яна ж Ана Мацкевіч, – распавяла нашаму радыё пра асаблівасці фільма.

– Так выйшла, што „Споведзь“ сталася мультыдысцыплінарным праектам, бо спярша яна была напісаная як нарыс, пасля яна ператварылася ў перформанс, у тэатральны монаспектакль, соламюзікл. Таксама „Споведзь“ будзе мець музычны альбом, які я пад імем AnaMova буду выпускаць сёлета. Але так сталася, што ва ўмовах, што кожны тэатральны перформанс гэта вялікія затраты грошай і моцаў, мы змеркавалі, што з аднаго боку будзе прасцей, з другога боку цікавей, з трэцяга, мы спадзяёмся, што гэта будуць глядзець людзі з Беларусі, мажліва лепш ператварыць „Споведзь“ у кінафармат і агулам „Споведзь“ будзе ісці ў тым жа самым парадку, што і кавалачкі тэатральнага перформансу, можа крыху больш будзе кавалкаў. Кожны з кавалкаў гэта асобныя музычныя кліпы на кожную з песняў, а асобна там будуць перабіўкі разам з тэатральным тэкстам. У кожным кліпе будзе свой асобны сюжэт, прыкладам, „Ай мама, мама“ гэта такі сюжэт пра тое, што мы не можам быць побач з нашымі блізкімі, што кожны перажывае свой уласны боль, нехта чакае кагось з эміграцыі, турмы, вайны, і нехта можа ніколі не дачакаецца. І пра тое, што ў эміграцыі мы, як птушкі ў клетцы, што для некага эміграцыя гэта асобная турма. А наступны кліп праз месяц будзе „Купалінка“ менавіта пра стасункі дзяцей і бацькоў за межамі гэтай сцяны між Беларуссю і іншым светам. Як беларускія і еўрапейскія чыноўнікі не дазваляюць людзям пабачыцца мабыць нават у апошні раз.

РР: Першы эпізод можна будзе ўжо пабачыць 9-га лютага. А чаму ў цэнтр вы змеркавалі паставіць акурат „Ай мама, мама“?

– Усё проста, мы ішлі за інтуіцыяй, гэтыя тры песні „Ай, мама, мама“, „Рэчанька“, „Купалінка“ ўжо гатовыя, на „Рэчаньку“ ўжо ёсць кліп, які быў паказаны ў межах самога спектаклю, а „Ай мама, мама“ і „Купалінку“ мы здымалі апошнія некалькі месяцаў, і акурат „Ай мама, мама“ проста нам да часу прыходзіўся, і змеркавалі пачаць з яго. У камандзе было некалькі чалавек, якіх я не магу назваць, было шмат нашых сяброў, знаёмых, была Дар’я Новік – спявачка і акторка, што знялася як і ў „Ай мама, мама“, так і ў „Купалінцы“. У „Ай мама, мама“ зняўся ў аднэй з роляў Яраслаў Кірвель, малады беларускі мастак, вельмі таленавіты. А пра „Купалінку“ раскажу наступным разам.

З музыкай AnaMova размаўляла нашая карэспандэнтка Марына Савіцкая.

Убачыць дэбютны эпізод фільма можна будзе па спасылцы: https://www.youtube.com/watch?v=1pg6RPKdGgw

Беларускае Радыё Рацыя