У Варшаве ў пятніцу, 6-га снежня, адбудзецца навуковая канферэнцыя «Васіль Быкаў — літаратурная спадчына ў новым ракурсе». Падзея прымеркаваная да сотай гадавіны з дня нараджэння пісьменніка.
Падрабязнасці імпрэзы, якая адбудзецца ў Варшаўскім універсітэце, загадчык кафедры беларусістыкі ўстановы, прафесар, доктар навук – сённяшні Госць Рацыі – Андрэй Масквін распавёў нашаму радыё.
РР: Чаму ўзнікла жаданне, задача правесці гэтую канферэнцыю?
— Гэты год — юбілей, 100 год з дня нараджэння Васіля Быкава. Адбываліся некалькі канферэнцый ужо. Я ведаю, што ў Менску была канферэнцыя, у Беларусі. Была выстава ў Нацыянальнай бібліятэцы, была канферэнцыя ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. І таксама была канферэнцыя ў Варшаўскім універсітэце, у Цэнтры ўсходніх даследаванняў.
Таксама вось гэта будзе ўжо наступная канферэнцыя на нашай кафедры. Ідэя ўзнікла ў мяне яшчэ раней, перад тым, як я стаў загадчыкам кафедры, таму што мне здавалася, што вельмі важна, каб наша кафедра гэта арганізавала. Бо гэта галоўны асяродак беларусістыкі цяпер за межамі Беларусі.
Па-другое, хацелася паглядзець на творчасць Быкава з перспектывы менавіта ў такім незалежным кантэксце. Як яго творчасць, дыскурс і значэнне выглядаюць цяпер, у 20-я гады XXI стагоддзя — без палітыкі, без уплыву дзяржавы, як заўсёды было ў Беларусі, калі нешта робіцца.
Па-трэцяе, гэта важна для нас не толькі ў кантэксце канферэнцыі. Мы думаем пра тое, каб зрабіць манаграфію, кнігу, публікацыю, якая павінна выйсці пасля правядзення гэтай канферэнцыі.
Я вельмі хацеў, каб сучасныя даследаванні, новыя погляды на Быкава былі адлюстраваны не толькі ў беларускім кантэксце, але і ў еўрапейскім. Такая манаграфія з’явілася менавіта ў Варшаўскім універсітэце.
РР: Раскажыце, калі ласка, усё ж такі, што будзе ўяўляць сабой сама канферэнцыя? Таму што ведаю, што будзе шмат сустрэч.
— Я планаваў, што гэта будзе невялікая канферэнцыя, бо мне здавалася, што для прадуктыўнасці, калі ты хочаш зрабіць нешта канкрэтнае, трэба запрашаць тых асобаў, якіх ты хочаш запрасіць, і ты ведаеш, што яны займаюцца творчасцю Быкава, гэтай савецкай эпохай, а можа, крыху тэмамі, якія не зусім літаратурныя, але звязаныя з літаратурай.
Таму год таму я вырашыў праводзіць такія міні-канферэнцыі, калі няма аб’явы, а ёсць канкрэтныя запрашэнні канкрэтных асобаў. Потым даецца інфармацыя пра канферэнцыю.
Хаця, вядома, мы заўсёды ахвотна прымем кожнага. У наш зборнік потым можна прапанаваць сваю тэму, якая будзе адпавядаць тэматыцы зборніка. Я думаю, што будзе 7–8 асобаў, як гэта было ў Берліне.
Год таму мы правялі такую канферэнцыю, прысвечаную сучаснай беларускай літаратуры з нагоды юбілею Дзмітрыя Вішнёва. Мне здавалася, што гэта вельмі добрая форма.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
Канферэнцыя стартуе ў 10:00 па адрасе ul. Dobra 55 (аўд. 3.037).
Наведаць секцыі ў якасці слухача можна свабодна.
Падрабязнасці праграмы: https://kb.uw.edu.pl/wp-content/uploads/sites/218/2024/11/VBykau_konferencja_06.12.2024_program-1.pdf
З Андрэем Масквіным гутарыла нашая карэспандэнтка Марына Савіцкая.
Беларускае Радыё Рацыя