4 снежня ў Варшаўскім універсітэце адбылася сустрэча, прысвечаная братам Іваноўскім пад назвай «Лёс адной сям´і – гісторыя трох народаў». Сустрэча пачалася з прагляду дакументальнага фільма літоўскай вытворчасці пра братоў Іваноўскіх, якія зрабілі немалы ўнёсак ў развіццё сваіх трох Айчын.

Гаворыць Юрый Грыбоўскі, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта:
– На нашым факультэце адбылася цікавая падзея – прагляд дакументальнай стужкі пад назвай «Лёс адной сям’і – гісторыя трох народаў». Гэты фільм прысвечаны братам Іваноўскім – Ежы Іваноўскаму, Тадэушу Іваноўскаму (больш вядомы як Тадас Іванаўскас) і Вацлаву Іваноўскаму. Фільм быў створаны ўжо даўно – 10 гадоў таму літоўскімі кінематаграфістамі. Але, як аказалася, стужка па-ранейшаму актуальная. Гісторыя сям’і Іваноўскіх – гэта гісторыя суіснавання трох народаў – польскага, беларускага і літоўскага. Я нагадаю, што ўсе браты Іваноўскія адыгралі істотную ролю ў гісторыі сваіх народаў, менавіта народаў, паколькі кожны з іх абраў свой нацыянальны шлях – Ежы лічыў сябе палякам, Тадас – далучаў сябе да літоўцаў, а Вацлаў зрабіўся беларусам.
РР: Але нарадзіліся яны на беларускай зямлі?
– Нарадзіліся яны на літоўска-беларускім памежжы. Безумоўна яны нарадзіліся ў шляхецкай сям’і. Былі выхаваныя ў польскай культуры. Але лёс так склаўся, што прынамсі частка з іх атаясамлівалася з Літвой і Беларуссю. Таму на прыкладзе гэтай сям’і мы бачым складаную, але цікавую, маляўнічую гісторыю Польшчы, Літвы і Беларусі. Гэтая сям’я паказвае нам, што нягледзячы на розныя нацыянальныя паходжанні, нягледзячы на тое, што кожны з іх абраў сваю ўласную дарогу, свой уласны шлях, ці нават нацыянальнасць – гэта аднак не перашкаджала ім быць сям’ёй, лічыць сябе сваякамі, падтрымліваць, наколькі гэта было магчыма, адносіны. Таму гэты фільм вельмі цікавы і заахвочваю ўсіх, каб яго паглядзелі, паколькі гэта цікавая гісторыя, нягледзячы на тое, што фільм быў створаны 10 гадоў таму, аднак пытанні, якія ён закранае, сёння таксама вельмі істотныя і важныя.
Цалкам матэрыял:
Пасля прагляду фільма, адбылася дыскусія, у якой прынялі ўдзел прафесары-гісторыкі Дангірас Мачуліс і Алесь Смалянчук. З трох братоў Іваноўскіх Вацлава, Ежы і Тадаса, самы трагічны лёс быў у Вацлава, які лічыў сябе беларусам і прысвяціў сваё жыццё Беларусі.









Беларускае Радыё Рацыя






