6-га жніўня ў Варшаве адкрыецца выстава “Ales Pushkin. AFTERLIFE”. Падзея прымеркаваная да народзінаў мастака, перформера, палітвязня, які памёр у турме летась.

“Яго смерць стала поўнай нечаканасцю”, – распавёў музыка Лявон Вольскі, які асабіста быў знаёмы з Алесем.
– Я думаю, для любога чалавека, хто быў знаёмы з Алесем, гэта быў сур’ёзны шок. Таму што Алесь вельмі любіў жыццё, у добрым сэнсе быў пазітыўным. Ён увесь час наадварот натхняў усіх на тое, каб не заўважаць гэтыя цяжкасці. Маўляў, усё гэта скончыцца, усё будзе добра. Ён быў досыць прамяністым чалавекам. Я не бачыў, каб ён сядзеў: усё, гамон. Не. У самых неспрыяльных сітуацыях у сябе ў Бабры розныя фолькавыя святы ладзіў, у той час калі адміністрацыя зусім іншым займалася. Ён праводзіў сваё, а яны ў ДК праводзілі нешта сваё савецкае.
Выстава, прысвечаная Алесю Пушкіну, пройдзе ў Музеі Вольнай Беларусі. Куратар падзеі – Андрэй Дурэйка.
Праект ладзіцца ў межах праграмы ArtPower Belarus Беларускай Рады культуры і Дацкага інстытута культуры пры фінансавай падтрымцы Еўразвязу і праграмы MOST+.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






