BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Варшаве адкрылася выстава „PIGEON BLUES“

Беларуская мастачка Дар’я Калечыц адкрывае сёння – у Дзень свайго нараджэння – аўтарскую выставу «PIGEON BLUES». Анімалізм і сімвалізм, выкарыстанне флуарэсцэнтных фарбаў і ультрафіялетавага асвятлення – у працах дзяячкі адчуваецца унікальнасць і сучаснасць. Пра творы, вернісаж, сум па родным доме і паралелі Беларусь-Польшча Госця Рацыі — Дар’я Калечыц — распавяла нашаму радыё.

РР: Раскажы пра выставу, калі ласка.

Гэта выстава будзе спалучаць розныя медыя. Тут прадстаўлены як жывапіс, так і фатаграфія — плеўкавая і лічбавая. Некаторыя здымкі зроблены ў суаўтарстве з маімі сяброўкамі-мастачкамі Вікай Анціпавай і Цінай Забароўскай. Таксама будзе музыка, якую я напісала спецыяльна для выставы, каб падкрэсліць глыбіню таго, што адбываецца, пагрузіць гледача ў атмасферу, у гэты працэс. І каб святло змянялася прыгожа.

РР: Што менавіта стала для цябе натхненнем для гэтай выставы?

Мяне натхніў мой дзядуля. Дзядуля Толя жыве ў Менску і ўжо шмат гадоў штодня ходзіць карміць галубоў у парк Горкага. Для яго гэта стала, напэўна, такім якарам, які напаўняе яго любоўю і дае сілы жыць.

РР: Распавядзі, калі ласка, пра стасункі са сваім дзядулем. Чаму ён для цябе такі важны чалавек?

З дзядулем, як і з бабуляй, я правяла вельмі шмат часу ў дзяцінстве. Яны выхоўвалі мяне, мы шмат гулялі, яны вучылі мяне чытаць і пісаць. Дзядуля спрабаваў прышчапіць любоў да спорту, хоць, шчыра кажучы, не вельмі ўдала, але ўсё роўна стараўся. Усе мае маральныя каштоўнасці, мой погляд на жыццё — гэта іх заслуга. Ну, і, вядома, бацькоў таксама, але з дзядулем і бабуляй у мяне была вельмі трывалая, цесная сувязь.

Калі я пераехала, галубы сталі для мяне сувяззю з дзядулем. Яны паўсюль, і для мяне яны — добры знак. Кожны раз, калі бачу голуба, я ўсміхаюся, нават калі хочацца плакаць. Таму і вырашыла іх намаляваць. Спачатку хацела проста намаляваць галубоў на галінцы. Прыйшла ў парк, каб зрабіць накіды галінак, на якія пасаджу галубоў. І тады пачаліся дзіўныя супадзенні.

Я апынулася ў парку Rydza-Śmigłego, што недалёка ад Сольцц, у цэнтры Варшавы. Я нават не ведала пра існаванне гэтага парку, проста ўбачыла на мапе зялёную зону і пайшла туды. І там выявіла шмат дзіўных супадзенняў з маёй гісторыяй.

Першае, што я ўбачыла, — гэта скульптура жанчыны з галубом. Што вельмі сімвалічна для чалавека, які толькі што вырашыў маляваць галубоў. Потым убачыла вазы, якія нагадалі мне парк Горкага ў Менску. На адной карціне ёсць калодзеж, а на заднім плане — нейкае дзіўнае збудаванне з камянёў. Я падумала: «Цікава, што гэта». Адчувала, што гэта таксама неяк звязана з дзядулем.

І сапраўды — аказалася, што гэта Музей Зямлі Польскай Акадэміі Навук. А мой дзядуля ўсё жыццё працаваў у Беларускай Акадэміі Навук. Гэта таксама стала сімвалічным.

Таксама ёсць карціна з лявамі. Гэта такі фантан, які не працуе. Насамрэч там напісана, што гэта паілка для птушак, але яна ўжо не дзее. Гэтыя лявы былі моцна перачыркнутыя графіці. Я люблю стрыт-арт, але ў гэтым выпадку гэта было неэстэтычна. Адзін з львоў быў размаляваны ў выглядзе Кову з «Кароль Леў». Менавіта гэты мультфільм мы з дзядулем і бабуляй глядзелі літаральна штодня ў маім дзяцінстве.

На адной з карцін ёсць надпіс «Жабінка». Папраўдзе там быў тэг, і я не хацела перамалёўваць чужы тэг, але хацела напісаць «Жабінка» ў гонар дзядулі, бо ён нарадзіўся ў гэтай вёсцы, і мама правяла там усё дзяцінства. Але я падумала: «Гэта будзе не шчыра, калі я не бачыла такога графіці». Тут усё пра супадзенні.

І літаральна праз некалькі дзён я сустракаю графіці з надпісам «Жабінка» ў Варшаве. Я падумала: «Ну ўсё, цяпер можна». Так усё і звязалася ў адно.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

Выстава будзе ладзіцца да 28 лютага на пляцоўцы Прастора (Hoża 41, lok 2).
Вернісаж – 30 студзеня, 18:00. (час мясцовы).

З Дар’яй Калечыц гутарыла нашая карэспандэнтка Марына Савіцкая.

Беларускае Радыё Рацыя