BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Варшаве адкрылася выстава твораў Алеся Пушкіна 

У Варшаве адкрылі выставу карцін загінулага ў турме палітвязня і мастака Алеся Пушкіна. У экспазіцыі выставы можна пабачыць паўтара дзясятка арыгінальных карцін таленавітага беларуса.

На пляцоўцы Беларускай прасторы «Робім Разам» адкрылася выстава арыгінальных карцін Алеся Пушкіна, беларускага мастака, жывапісца, перформера. У сакавіку 2021 года Пушкін быў затрыманы праз палітычны пераслед – пазней яму прысудзілі 5 гадоў калоніі. Мастак памёр у рэанімацыі ў Гародні 11 ліпеня 2023 года, куды яго даставілі з турмы.

Алесь Пушкін часта выстаўляў свае творы на выставах і аўкцыёнах у Польшчы, дзякуючы чаму атрымалася сабраць арыгінальныя творы мастака сярод польскіх прахільнікаў яго творчасці. Як распавялі арганізатары выставы, карціны з універсітэту і двух прыватных калекцый.

Прывітальнае слова да арганізатараў і ўдзельнікаў выставы карцін Алеся Пушкіна выказала старшыня рады БНР Івонка Сурвіла. З цёплымі словамі пра мастака выступілі таксама сябры Алеся Пушкіна. Прагучала шмат кранальных слоў пра Алеся Пушкіна і яго творчасць.

Адкрыццё выставы прымеркавалі да Дня Волі. Алесь Пушкін, студэнт тэатральна-мастацкага інстытута, у 1989 годзе быў першым, хто зладзіў мітынг да Дня Волі. За гэтую акцыю ён быў засуджаны да 2 гадоў умоўнага пазбаўлення волі.

Беларускае Радыё Рацыя