У Варшаве сёння завяршаецца фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova. А літаральна ўчора на ім была ўручаная Прэмія Art Pradmova.

Пра ўзнагароду, 4-дзённую насычаную рознымі мерапрыемствамі імпрэзу, а таксама планы суарганізатар фэсту Павел Баркоўскі распавёў нашаму радыё.
РР: Распавядзіце гісторыю самой прэміі.
Павел Баркоўскі: Самой прэміі ўжо пяць гадоў. Яна ставіла сабе за мэту падсвяціць імёны маладых таленавітых беларускіх ілюстратараў, дызайнераў кнігі, каб яны маглі дагрукацца да сэрцаў чытачоў, гледачоў і выдаўцоў. Каб тыя маглі, пабачыўшы новыя імёны і новыя падыходы ў беларускай ілюстрацыі, – ёсць меркаванне, што беларуская школа ілюстрацыі зусім неблагая, яна мае добры ровень, – каб людзі маглі гэта пабачыўшы, выкарыстаць гэтыя працы, гэтыя новыя падыходы для выдання і ілюстравання новых кніжак. З тых часоў, канешне, шмат што змянілася. Не змяніўся можа сам падыход. Але задачы і мэты пашырыліся. І цяпер гаворка ідзе пра тое, што Прэмія Art Pradmova – гэта магчымасць для беларускіх ілюстратараў, дызайнераў кнігі, стаць больш вядомымі і больш бачнымі не толькі ў асяроддзі беларускіх гледачоў, але і на шырокай міжнароднай арэне. І дзеля гэтага конкурс і пачынае ладзіць выставы не толькі ў бліжэйшых гарадах, дзе шмат беларусаў, але і сягаць далёкіх рубяжоў. Вось, напрыклад, на фестывалі Pradmova ў Берліне быў першы паказ сёлетні лаўрэатаў Прэміі Art Pradmova, і гэта было сустрэта вельмі чула гледачамі.
РР: Колькі чалавек сёлета было ўзнагароджана?
Павел Баркоўскі: Было ўзнагароджана 9 намінантаў – гэта абсалютны рэкорд, бо раней ўручаліся прэміі па 4 асноўных намінацыях. І 5-е – Гран-пры – галоўны прыз конкурсу. У гэтым годзе, паколькі мы падзялілі катэгорыю “ілюстрацыі” на дзве намінацыі, то такіх намінантаў стала 9. Гэта дало магчымасць сапраўды ацэньваць людзей па розных трошкі крытэрыях і даваць магчымасць выхаду ў свет тым работам, якія мы можа быць інакш і не ўбачылі б. І магчыма гэта істотна пашырыла базу конкурса, бо сапраўды, у два разы больш людзей у гэтым годзе прыняло ўдзел.
РР: Вы, як суарганізатар фэсту Pradmova, як вы ацэньваеце, наколькі паспяхова сёлета адбылася імпрэза?
Павел Баркоўскі: Арганізатары заўсёды можа быць не вельмі аб’ектыўныя ў сваіх ацэнках. Нам спадабаліся ўсе нашыя ўдзельнікі, усе нашыя нумары. Мы стараліся ўкладаць душу ў стварэнне праграмы, стараліся рабіць яе разнастайнай, на розныя густы і падыходы, каб людзі, прыйшоўшы да нас, сышлі з добрым настроем, са стосамі кніг, каб гэта быў такі добры беларускі нэтворкінг, аб’яднаны тэмай кнігі, беларускай культурай. А пра якасць імпрэз, няхай кажуць нашыя наведвальнікі ў сваіх сацсетках.
Сайт фестывалю: https://pradmova.eu/
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя