BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Варшаве праходзіць фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”

У Варшаве адбываецца фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”. Літаратурны форум будзе доўжыцца да панядзелка ўключна.

“Прадмова”, першы дзень:

У Варшаве прайшоў эксперыментальны канцэрт праекту Litaranoty. Выступ адбыўся ў рамках фестывалю Pradmova і ўключаў як музыку, так і паэзію.

“Для нас удзел у гэтай падзеі не першы, хаця і адметны”, – распавёў удзельнік калектыву, інструменталіст і паэт Віктар Сямашка.

– Мы рэгулярна выступаем на розных «Прадмовах», у розных гарадах, не толькі ў Варшаве. А ў Варшаве, хіба што, упершыню. Праект вельмі спецыфічны, і сэнс закладзены ў самой назве – спалучэнне музыкі і аўтарскага чытання. А музыка пераважна імправізаваная, імкнецца падладзіцца пад тэкст.

Сярод паэтаў, якія чыталі сваю паэзію са сцэны, былі Уладзь Лянкевіч, Алёна Варанец, Вольга Гапеева і іншыя.

Уладзь Лянкевіч
Алёна Варанец

У Варшаве пачаўся фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova. У рамках яго гасцей чакаюць не толькі прэзентацыі і дыскусіі, прысвечаныя літаратуры, але і музычныя і тэатральныя выступы. Пра найбольш цікавыя часткі распавяла суарганізатарка фэсту, куратарка Варшавы Марына Казлоўская.

– Для мяне вельмі важны фальклорны блок. Бо гэта спроба вярнуцца да глыбіні народнай культуры. Паглядзець на яе з іншага боку. І на другой пляцоўцы ў нас будзе вялікі гістарычны блок – пра вайну Вялікага Княства ў Інфлянтах, пра тое, як напісаць гістарычны нон-фікшн. Можна прыйсці і паслухаць, патрымаць у руках кнігі, і на нейкія важныя пытанні, асабліва важныя ў эміграцыі, калі ты шукаеш, хто ты, знайсці адказ.

Фестываль Pradmova завершыцца ў панядзелак спектаклямі ад “Вольных Купалаўцаў” і “Тутэйшага тэатру”.

***

Дыскусія, прысвечаная Уладзіміру Караткевічу, адбылася ў Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі. “Гэта быў пісьменнік, якім не толькі захапляліся, чытаючы яго творы, але і які паўплываў на светапогляд пакаленняў. Таму гаварыць пра яго вельмі важна”, – распавёў удзельнік сустрэчы Андрэй Хадановіч.

– Уладзімір Караткевіч, думаю, любімы і сапраўды народы, у адрозненні ад тых народных пісьменнікаў і паэтаў, якім прысуджалі гэтае званне, а яму – не. Аўтар, дзякуючы якому, некалькі пакаленняў беларусаў і беларусак не толькі паверылі, што яны беларусы і беларускі, але звыкліся з думкай, што гэта крута. Была да Караткевіча нацыя з комплексам непаўнацэннасці, а ён сумленна прышчапляў, нахвальваючы нас, манію велічы. Цяпер мы фантастычная нацыя, у якой адначасова ёсць комплекс непаўнавартасці і манія велічы.

Імпрэза “Наша зямля, нелюбімая намі і страшная”: Уладзімір Караткевіч і (пера)стварэнне беларускага нацыянальнага міфа” адбылася ў рамках фэсту інтэлектуальнай кнігі Pradmova.

Беларускае Радыё Рацыя