У Witrynie Domu Wschodniego Варшавы адбылася цікавая творчая сустрэча з беларускімі навукоўцамі. Тэма сустрэчы: “Урад і творцы ў таталітарнай дзяржаве на прыкладзе твораў Якуба Коласа”. Было разгледжана вострае пытанне: хто быў Якуб Колас: канфарміст ці антысаветчык?
Пасля праслуханых дакладаў пра Якуба Коласа, выканаўчы дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі Ігар Станкевіч лічыць Коласа канфармістам і ні ў якім разе не антысаветчыкам:
– Ці мог наогул Якуб Колас захавацца, як вольны творца ў савецкім рэжыме? Мы адзначылі, што яшчэ да сярэдзіны 20-х гадоў ён нейкім чынам спрабаваў выступаць, як вольны творца. Але потым савецкая ўлада ўсё ж такі схіліла ў іншы бок, па сутнасці зламала і зрабіла з яго частку прапагандысцкай савецкай сістэмы.
Былы супрацоўнік музея Коласа Алесь Крузевіч гаворыць, што канфармізм Коласа можна яму дараваць, час быў такі. Але як літаратар, які пісаў пра Радзіму, Якуб Колас непераўзыдзены:
– Ён напісаў такія радкі пра Радзіму, якія хочацца перачытваць. Ён вельмі цёпла пісаў пра Радзіму, таму не любіць яго вельмі складана.
На сустрэчы былі прадэманстраваны цікавыя архіўныя дакументы, якія тычыліся не толькі Якуба Коласа, а і іншых беларускіх літаратараў.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя