Палачане, якія апынуліся за мяжой сабраліся на свой першы Полацкі фэст. Імпрэза адбылася ў Варшаве на беразе Віслы. Яе ўдзельнікі прыехалі не толькі з розных гарадоў Польшчы, але і з Літвы, Чэхіі і Нямеччыны. Кажа арганізатар імпрэзы доктар гістарычных навук Уладзімір Лобач:
– Ідэя не зусім новая. Яшчэ ў 1968 годзе, беларусы Амерыкі стварылі культурна-асветніцкую арганізацыю пад назвай „Полацак“. І потым у 90-х гадох яны ж выдавалі аднайменны часопіс. Мэта была самая простая – згуртаваць беларусаў, што апынуліся па-за межамі сваёй радзімы. І ў гэтым сэнсе ідэя не новая, мы таксама хочам згуртавацца, і Полацак выступае асаблівым маяком, магнітам.
Перад землякамі выступіў славуты палачанін, пісьменнік Уладзімір Арлоў, які расказваў розныя гістарычныя, а хутчэй метафізічныя, гісторыі пра Полацк, чытаў вершы і пазнаёміў са сваімі кнігамі, якія выйшлі за апошнія тры гады ў Польшчы.
Беларускае Радыё Рацыя