BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Вільні адбудзецца прэзентацыя відэа па кнізе «Мова 404» з канцэртам Лявона Вольскага

Суполка «Мова тут» і аўтар кнігі «Мова 404» Аліна Нагорная запрашаюць 12 жніўня на канцэрт Лявона Вольскага, прэзентацыю відэа па кнізе «Мова 404» і дыскусію пра беларускую мову.

«Мова 404» — гэта кніга пра дыскрымінацыю беларускамоўных у Беларусі. У ёй сабраныя гісторыі людзей, якія размаўляюць па-беларуску ў сваёй краіне і сутыкаюцца праз гэта з асаблівым стаўленнем. Паводле аўтаркі, кніга задумана, каб паказаць і асэнсаваць маштаб праблемы, і такім чынам зрабіць першы крок да яе вырашэння.

Першае выданне гісторыяў моўнай дыскрымінацыі з Беларусі «Мова 404» выйшла ў 2021 годзе. Сёлета было прэзентавана дапоўненае перавыданне. Таксама «Мова 404» даступная анлайн для бясплатнага чытання.

Нядаўна кніга з’явілася і на расейскай мове, бо аўтарка сцвярджае, што беларусаў дыскрымінуюць менавіта расейскамоўныя, часам праз недастатковую інфармаванасць і неразуменне рэальнага становішча.

Уваход на мерапрыемства вольны, данаты вітаюцца.

Беларускае Радыё Рацыя