BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Вільні пакажуць дакументальны фільм “Bialiatski / Unbroken”

Прэм’ера дакументальнага фільма “Bialiatski / Unbroken”, прысвечанага праваабаронцу, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму, адбудзецца ў сераду, 8 красавіка, у Вільні.

Асобная частка фільма знятая ў сталіцы Літвы – тут зафіксаваныя першыя дні волі Бяляцкага пасля доўгай разлукі з сям’ёй.

Камерная прэм’ера для праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў адбылася ўжо напрыканцы сакавіка.

Як зазначае супрацоўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Ігар Казмерчак, вельмі важная ацэнка гэтага фільма еўрапейскімі гледачамі:

– Фільм у мяне можа выкліча нейкія настальгічныя эмоцыі, але не выкліча эмоцыі звычайнага гледача, бо я ў гэта ўцягнуты. Я гэтую працу – вызваленне Алеся – ведаю знутры. Мне больш важна і больш цікава, а што скажуць тыя людзі, якія гэтага не ведаюць, якія звонку, для якіх асоба Алеся, можа быць, увогуле адкрыццё.

Як зазначае адзін з аўтараў фільма, канешне, у Літве ўсе ведаюць, што адбываецца ў Беларусі, але яны адчулі, што чым далей ад мяжы, тым менш ведаюць пра ўсё:

– У Нарвегіі да нас падыходзіў хлопец-беларус, які збег яшчэ ў 2006 годзе, і кажа: а хто такі Алесь Бяляцкі? “Вясну” памятае, а Алеся не памятае. Бяляцкі ў Осла год таму атрымліваў прэмію. Не ведаюць. З дапамогай «Гёте інстытута» мы трапілі ў Каны ў мінулым годзе, там пазнаёміліся з французскімі прадусарамі, з паўднёва-афрыканскімі, з палестынскімі, і ўсім распавядалі сваю гісторыю пра Беларусь. Ніхто не ведае.

Прэм’ера дакументальнага фільма “Bialiatski / Unbroken” пройдзе ў кінатэатры Skalvija, Goštauto g. 2, Вільня ў 19.30 па мясцовым часе. Уваход – вольны.

Пасля паказу адбудзецца дыскусія з камандай фільма.

Над стварэннем фільма каманда працавала тры гады, пачынаючы з 2023 года. Рэжысёрам выступіў літоўскі дакументаліст Эймантас Беліцкас, які працуе з назіральным дакументальным кіно і звяртаецца да тэм сацыяльнай рэальнасці, памяці і чалавечых сувязяў. Сцэнар напісала Александрына Глагольева — аўтарка, звязаная з праектамі ў сферы дакументальнага аповеду і правоў чалавека. Кампазітар Андрыюс Мамантовас даў у карыстанне сваю музыку безкаштоўна. Фільм зняты пры падтрымцы Konrad-Adenauer-Stiftung Belarus office, Art Power Belarus, Taz Panter Stiftung, Marion Doenhoff stiftung.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя