З прэзентацыі кнігі славацкага паэта Паўла Орсага Гвездаслава “Крывавыя санеты” ў перакладзе на беларускую мову пачаўся трэці дзень Міжнароднага паэтычны фэсту “Вершы на асфальце”. 15 лютага ў Вільні ў клубе “Павільёнас” сабраліся некалькі дзясяткаў аматараў літаратуры. Новыя кнігі на мерапрыемстве прадставіла і выдавецтва “Камунікат”.
Падчас трэцяга дня прайшло шмат розных прэзентацый, але самай арыгінальнай і запамінальнай была прэзентацыя музычнай праграмы Віктара Сямашкі на вершы падляшскай паэткі Надзеі Артымовіч.

Кажа паэт, музыка і даследчык Віктар Сямашка:
– Выбраў менавіта Надзею Артымовіч, таму што беларуская літаратурная падляшская школа даволі кансерватыўная. А вось Надзея з яе вельмі выбіваецца. Я вельмі люблю паэзію не сілабатанічную – там, дзе няма стабільнага рытму, рыфмы, таму што я і сам пішу ў падобным кірунку. І таму для мяне было такім выклікам, цікавай творчай задачай, зрабіць з гэтага нейкі музычны твор.

Адбылася і прэзентацыя кнігі Таццяны Нядбай “Там, за сцяной”. Паводле паэткі, падчас напісання кнігі яна адчувала барацьбу і кампраміс з сабой, бо адкрыцца было нялёгка:
– Кніга складаецца з двух раздзелаў. З аднаго боку, гэта ёсць раздзел “Асабістая справа”, каторая напісана з 20-га года і пасля 20-га года. Другі раздзел – гэта “Кампрамат”. Гэта вершы, якія былі напісаныя яшчэ нават да першай кнігі, якая выдавалася ў 2014 годзе, і не ўвайшлі ў яе па нейкіх розных прычынах. Кніга, калі фармавалася, то сыходзілі мы з майго ўласнага адчування. З аднаго боку, мне хочацца пра штосьці сказаць асабістае, і калі публікуеш верш пра гэтае асабістае, то ты робіш гэта здабыткам усіх, і кожны можа ведаць пра твае слабыя месцы.
Таксама літаратары абмеркавалі выданне “Праз сябе – да сусвету. Кніга пра Алеся Разанава” і новы нумар альманаха “Апостраф”. Былі выступы лаўрэатаў розных літаратурных прэмій.

Завяршыўся трэці дзень Міжнароднага паэтычны фэсту “Вершы на асфальце” імя Міхася Стральцова канцэртам гурта “Syndrom Samazvanca”.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:





















Беларускае Радыё Рацыя