BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Вільні працуе дабрачынная выстава Ніны Маргаевай «Крок насустрач»

У Вільні працуе дабрачынная выстава Ніны Маргаевай «Крок насустрач» – беларускай мастачкі, у якой ў 2023 годзе дыягнаставалі рэдкае захворванне — бакавы аміятрафічны склероз (БАС).

Падчас падзеі і ў Літве можна не толькі ўзбагаціцца культурна, але і дапамагчы творцы. Грошы, сабраныя ад продажу яе работ, будуць накіраваныя на лячэнне і падтрымку мастачкі.

Летась такая выстава адбывалася ў Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі.

“Асноўная серыя «Жыццё на пятым паверсе» раскрывае ізаляцыю гарадскога жыцця. Нават крэсла ці цень у куце пакоя могуць стаць «акном» у душу. Кожны мазок перадае ўнутраны свет чалавека. Мяккія пераходы і цішыня тэкстур заклікаюць спыніцца і ўбачыць больш”, – кажуць куратары падзеі.

“У мяне творчасць Ніны асацыюецца з радком песні беларускага рок-гурта Nizkiz “Як спыняецца цішыня”. Мне здаецца, што працы Ніны ўдумлівыя, яны настолькі ўцягваюць, што ты сапраўды спыняешся і ўслухваешся ў гэтую цішыню. Там і праўляюцца дэталі”, – кажа кіраўнік Беларускай Рады Культуры Сяргей Будкін.

“Працы, якія Ніна малявала ў Польшчы, падабаюцца мне больш за беларускія. Хаця і першыя, і другія яна малявала ўжо хворай. У Варшаве Ніна адчувала сябе горш, ёй было складана маляваць. І гэта адчуваецца. Але чым цяжэй ёй было маляваць, тым больш карціны станавіліся цікавымі”, – распавядае блізкі сябра мастачкі.

“Лініі Ніны – быццам барацьба з хваробай. Гэтая барацьба адчуваецца і ў колерах. Я таксама мастак, і я спрабаваў зрабіць падобныя лініі, але ў мяне яны атрымліваюцца класічнымі. Прыгожымі, але звычайнымі. Але ў Ніны будуецца іншы творчы працэс. Гэта вельмі цікава. І паўтарыць гэта вельмі складана”, – працягвае сябра.

“Працы, прадстаўленыя на выставе, зробленыя быццам на надрыве, на мяжы магчымасці чалавека. Там столькі эмоцый укладзена ў кожны малюнак, што разумееш, што гэта, можа быць, і ёсць мяжа магчымасцяў чалавека. За кожнай з прац стаіць вялікая праўда і прагажосць. Натуральна, гэта захоплівае”, – падзяліўся сваім поглядам музыка, наведвальнік выставы Раман Абрамчук.

Убачыць творы Ніны Маргаевай і падтрымаць дзеячку можна да 20 лютага на пляцоўцы CreateCulture Space (Karmelitų gatvė 5).

Беларускае Радыё Рацыя