Тыдзень беларускай культуры пройдзе ў віленскім Цэнтры беларускай культуры і супольнасці з 9 па 15 верасня. Гэта ўжо становіцца традыцыяй, бо мінулым годам таксама ў Цэнтры праводзілі беларускі тыдзень.
Як кажа Госця Рацыі – каардынатарка Цэнтра беларускай культуры і супольнасці Марына Абрамовіч, яны падрыхтавалі разнастайную і цікавую праграму. А пра тое, якія імпрэзы будуць адбывацца падчас тыдня і якія госці завітаюць у Цэнтр, Марына Абрамовіч распавяла нашай карэспандэнтцы Таццяне Смоткінай.
РР: Марына, вось у вас ужо другі год праходзіць тыдзень беларускай культуры. Што будзе сёлета? Што такое цікавае? Чым можна прыцягнуць беларусаў, што жывуць у Вільні, каб прыйшлі на тыдзень?
— Мы падрыхтавалі вельмі цікавую праграму. Пачнём мы з канцэрта, будзе выступаць Зміцер Бартосік, ён таксама будзе прэзентаваць сваю кнігу. У аўторак мы плануем зрабіць дзень шляхетнай культуры, бо мы заўжды паказваем нашыя традыцыйныя сялянскія абрады, і вельмі мала мы надаем увагі менавіта нашым шляхецкім традыцыям. І ў гэты дзень плануем зрабіць міні-лекцыю пра кухню Радзівілаў і потым дэгустацыю дэсертаў па старадаўніх рэцэптах. Летась мы рабілі дэгустацыю кавы паводле старадаўніх рэцэптаў і сёлета мы крыху пашырым гэтую імпрэзу, я спадзяюся, будзе вельмі цікава.
У сераду 11 верасня мы запланавалі лекцыю пра спадчыну братоў Луцкевічаў. Так як гэта музей Луцкевічаў, то мы б хацелі расказаць менавіта пра гэтых людзей, вельмі значных для нашых гісторыі і культуры, і пра музей, якія там былі экспанаты, што было, як ён увогуле існаваў. Я спадзяюся, будзе вельмі цікава.
На чацвер 12 верасня мы плануем зрабіць вельмі цікавы шпацыр па мясцінах братоў Луцкевічаў, пагуляем па Вільні, паглядзім тыя месцы, дзе яны жылі, дзе яны вялі сваю дзейнасць. Я думаю, будзе вельмі цікава. На пятніцу ў нас запланаваныя прэзентацыі кніг Сяргея Дубаўца. Ён прэзентуе дзве кнігі: „Стагоддзе Нашай Нівы“ і „Занзібар“.
А па традыцыі ў суботу мы будзем праводзіць наш кірмаш — гэта вельмі вялікая, цікавая, маштабная імпрэза. Запланаваныя, як заўжды, у нас гульні з дзецьмі, вулічная ежа, кірмаш майстроў, канцэрт, выступ вулічнага тэатра — то бок праграма на ўвесь дзень, цікавая, разнастайная. Усіх шчыра запрашаем.
І ў нядзелю, заключны дзень, як заўжды, па традыцыі, мы будзем праводзіць абрад „Багач“, паказаць як гэтае свята святкавалася сапраўды нашымі продкамі. Для нас гэты абрад правядзе гурт „Світанак“. Пасля мы запрашаем усіх у наш беларускі дом на супольны абед.
Цалкам размову слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя