Памяць легендарнай беларускай паэткі Ларысы Геніюш ушанавалі беларусы Вільні. Імпрэза ў яе гонар адбылася 10 жніўня ў творчай прасторы Kropka.

Перад гэтым святар Георгій Рой правёў літургію па нязломнай патрыётцы, сакратарцы БНР на чужыне і пакутніцы камуністычнага ГУЛАГу.

Узнагароджаная нядаўна Медалём Няскораных імя Ларысы Геніюш Валерыя Чарнаморцава згадала яе біяграфію, найбольш яркія моманты жыцця і распавяла пра нязломнасць духу паэткі.
–“Яны прывыклі да ламання людзей на першы загад, а я пастанавіла да смерці бараніць свой духоўны хрыбет. Бо з паламаным хрыбтом няма чалавека”. І вось, сапраўды, яна свой духоўны хрыбет бараніла ўсё сваё жыццё. І нават у лагеры, адчуваючы гэта, нават старэйшыя людзі называлі яе маці, а яе вершы называлі глюкозай.
Як кажа былы палітвязень і сузаснавальнік творчай прасторы Kropka Зміцер Фурманаў, Медаль імя Ларысы Геніюш для яго вялікі гонар, як і імпрэза памяці паэткі ў іх прасторы:
– Тут заўсёды збіраюцца беларусы, праводзяць мерапрыемствы, прэзентацыі, майстар-класы і так далей. І ў дадзеным выпадку мы вырашылі адзначыць дзень народзінаў Ларысы Геніюш. З нашага боку мы не так шмат падрыхтавалі. Больш арганізацыяй займалася Валерыя Чарнаморцава. Ёй вялікі дзякуй за гэта.
Усе ахвотныя падчас імпрэзы памяці змаглі прачытаць вершы паэткі.
Нагадаем, Ларыса Геніюш нарадзілася 9 жніўня 1910 года, пражыла 72 гады і памерла ў сябе на радзіме – у мястэчку Зэльва. Але і да гэтай пары для лукашэнкаўскага рэжыму паэтка, якая дагэтуль нерэабілітаваная, з’яўляецца ворагам. Пра гэта сведчыць і знос яе помніка на царкоўным падворку ў Зэльве паўтары гады таму.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:









Беларускае Радыё Рацыя






