BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Вільні завяршыўся Міжнародны паэтычны фестываль “Вершы на асфальце”

У Вільні 16 лютага завяршыўся чацвёрты па ліку ў сталіцы Літвы Міжнародны паэтычны фэст “Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова і агулам чатырнаццаты. Сёлета ён быў больш маштабны і доўжыўся чатыры дні.

Падчас апошняга дня было некалькі прэзентацый кніг. Гэта і прэзентацыя кнігі Уладзіміра Арлова “Свецяцца вокны ды нікога за імі”, кнігі Андрэя Хадановіча “Дзікае паляванне караля Стаха: вершы для оперы” ды іншых. Прысутныя маглі паслухаць і архіўны гуказапіс з чытаннем вершаў Ларысай Геніюш.

Таксама адбылася і сустрэча з кіраўніком управы Беларускага Радыё Рацыя і галоўным рэдактарам тыднёвіка “Ніва” Яўгенам Вапам. Ён прэзентаваў новыя кнігі Праграмнай рады тыднёвіка “Ніва” і Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, у тым ліку кнігу, прысвечаную лаўрэату Нобелеўскай прэміі, палітвязню, пісьменніку Алесю Бяляцкаму.

Як заўважае Яўген Вапа, лёс Алеся Бяляцкага ёсць вызначэннем беларускага шляху да незалежнасці:

– І менавіта назва кнігі “За беларускае жыццё” – вось гэта і было прызнаннем Нобелеўскай прэміі. Ягонае жыццё, ягоныя дзеянні гэта кніга выразна дакументуе і паказвае, што ўсё, што ён рабіў і робіць – гэта прысвячэнне беларускаму жыццю і беларускай справе. І за гэта нізкі паклон, ён ёсць сімвалам для мяне ўсяго таго беларускага, якое зараз знаходзіцца пад прыгнётам у аўтарытарнай дзяржаве. І таму гэта трэба вельмі моцна памятаць і шанаваць.

Уразіла наведвальнікаў фэсту і прэзентацыя кнігі “Эўрыдыка не азіраецца” Сяргея Прылуцкага ў беларускім арыгінале і ў перакладах на ўкраінскую мову Олены Стэпаненкі.

Паводле ўкраінскай паэткі і перакладчыцы Олены Стэпаненкі, яе вельмі кранулі беларускія падзеі 2020 года, яна і цяпер з вялікім болем назірае за падзеямі ў Беларусі:

  Было надзвычай маральна цяжка, таму што кніга напісаная часткова на дакументах, на сведчаннях пра катаванні. І гэта настолькі адгукалася ў мяне болем 2014 года, болем вайны ва Украіне, болем нашых зняволеных, што я разумела, што яны паміж сабой звязаныя гэтыя дзве сітуацыі. Акрамя таго, я ведаю, што Пуіцін у Беларусі на зняволеных выпрабоўваў новыя спосабы катаванняў, таму што ён разумеў, што, магчыма, гэта давядзецца выкарыстоўваць і ў Расеі, калі да таго дойдзе.

У межах паэтычнага фестывалю прайшла і “Ноч паэзіі”, удзельнікі фестывалю чыталі вершы падчас вольнага мікрафону. Удзельнічалі Сабіна Брыло, Ціхан Чарнякевіч, Ксенія Сырамалот, Павел Горбач, Дар’я Роскач, Анатоль Хіневіч, Сяргей Сыс, Ванда Марцінш, Олена Стэпаненка, Зміцер Колас, Віктар Сямашка ды іншыя.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя