Гэтым разам для «Арт-агляду» я праглядзеў загалоўкі і тызеры дзясяткаў галівудскіх фільмаў і міні-серыялаў апошніх двух гадоў. Пра Беларусь нічога няма, але я і не надта чакаў, Беларусь – справа тонкая. А вось што да Украіны, узнікае шмат пытанняў.
На пачатку сакавіка бягучага году будзе дзесяць гадоў як пачалася вайна Расеі супраць Украіны.
Падзея мне падалася на столькі грандыёзнай, што я чакаў выхаду не аднаго фільму ці міні-серыялу галівудскай вытворчасці.
Я думаў, што прадусары прыпыняць эксплуатацыю вобразу «расейскай мафіі», што наагул вобраз Расеі цалкам зменіцца.
Дый проста з гледзішча сюжэту адна абарона данецкага аэрапорту – рэч непаўторная, з серыі спецыяльна не прыдумаеш.
Ужо ў 2015 годзе я чакаў ядзернай вайны, таму калі яе пачалі баяцца ў 2022, мой страх даўно перагарэў.
Расейская агрэсія – гэта неаранае поле для творчага асэнсавання, якім займаюцца ўнутры Украіны.
Шмат хто з беларусаў чакаў адлюстравання падзеяў 2020 году і наступстваў. Дагэтуль нават ходзяць чуткі, што вядомая заходняя карпарацыя такі зняла міні-серыял.
Але і Украіну 2014, і Беларусь 2020, і зноў Украіну – ужо 2022 проста злілі як тэму.
У баевіках слаўныя амерыканскія салдаты працягваюць змагацца з несправядлівасцю па старых адрасах у Азіі, часам у Афрыцы. Такое адчуванне, што сцэнары пішуцца пад уплывам мас-медыя 1970-80-х гадоў.
Сучасная Расея вырасла ў вялікай ступені дзякуючы Захаду. Адна справа калі ў блокбастары па сюжэце нейкі чыноўнік з Белага дому дапамагае крыважэрнаму рэжымчыку дзесьці ў бананавай рэспубліцы.
Іншая справа распавесці як жах ва Украіне звязаны з каласальнай дапамогай Крамлю ад ЗША ды іншых краін Захаду: ад паставак «ножак Буша» да продажу сучасных тэхналогіяў без якіх не паляцелі бы беспілотнікі па ўкраінскіх жылых кварталах.
Думаю, з сюжэтнай завязкай таксама няма праблемаў, бо за Украіну практычна адразу ж яшчэ ў 2014 годзе пачалі ваяваць грамадзяне ЗША ды іншых краінаў Захаду.
Мастацтва і палітыка суіснуюць проста ў нас на вачах.
Чым можа скончыцца мастацкі фільм пра вайну Расеі ва Украіне? Перамогай аднаго з бакоў. Ці прынамсі намёкам на магчымую перамогу.
Тут адразу згадваецца прэм’ерка Нямеччыны Меркель са сваёй ганебнай на ўвесь свет «заклапочанасцю» дзесяць гадоў таму і сто пяцьсот тэлефанаванняў Пуціну з боку французскага прэзідэнта Макрона.
Менавіта мастацкія фільмы фармуюць грамадскую візію пра тыя ці іншыя падзеі.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя