BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Улад Бернат: Мы робім беларускую музыку на Падляшшы

3-га лютага адзначаецца Дзень падляшскай музыкі. З гэтай нагоды на хвалях радыё «Акадэра», «Польскага Радыё Беласток», а таксама ў эфіры Беларускага Радыё Рацыя на працягу дня гучаць песні мясцовых выканаўцаў і кампазіцыі з дыску «Падляшша пад паверхняй. Метафары паўночна-ўсходняй Польшчы». Праект прадстаўляе сучаснае гучанне рэгіёну, у якім спалучаюцца народныя традыцыі, памяць памежжа і новыя музычныя пошукі.

Пра сваё разуменне падляшскай музыкі распавядае музыкант і прадстаўнік праекта «Музыка без межаў» Улад Бернат:

– Для мяне ёсць падляшская музыка і музыка, якая робіцца на Падляшшы. Усё ж такі тое, што робім мы, гэта беларуская музыка, якая робіцца на Падляшшы. Але ёсць і гурты, якія можна характарызаваць як падляшскія, напрыклад, гурт «Вандроўнік». Яны карыстаюцца гэтай падляшскай, мясцовай «простай мовай». Напрыклад, Niczos і Sw@da, якія нават хацелі браць удзел у Еўрабачанні.

Па словах музыкі, цікава б было зрабіць нешта на падляшскай гаворцы, але не ў тых праектах, дзе ён выступае:

– Вельмі цікава было б паспрабаваць, але варта ўлічваць тое, што «Дзецюкі» – гэта гурт, з удзельнікаў якога толькі я жыву на Падляшшы. І таму мне прыйдзецца вельмі актыўна прасоўваць падляшскую гаворку праз сцяну варшаўскіх і віленскіх аматараў іншых моваў, іншых гаворак.

Улада Берната можна будзе пабачыць на сцэне ў Беластоку, калі 6-га снежня 2026 году адбудзецца выступ шалёных паўакустычных Dzieciukou і неўтаймаваных Kurwadzikau, да іх далучыцца эксперыментальны праект беластоцкіх драпежнікаў — RASTATE.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіву Улада Берната.