У беластоцкім хабе «Новая Зямля» 7 снежня 2025 года адбылася адкрытая лекцыя Уладзіміра Лобача, доктара гістарычных навук, дацэнта, заснавальніка і публічнага прадстаўніка Цэнтра антрапалогіі Універсітэта Валовіча.

Гісторык распавёў пра сваё даследаванне на тэму «Антрапалогія акупацыі: Другая сусветная вайна вачыма беларускай вёскі».
Уладзімір Лобач упэўнены, што гэтая тэма цікава ўсім беларусам:
– Мне здаецца яна цікавая ў прынцыпе ўсім беларусам, безадносна ў якім горадзе яны сёння знаходзяцца, бо нашая краіна, на жаль, вельмі моцна пацярпела ў Другую сусветную вайну. І напэўна кожная сям’я можа расказаць сваю гісторыю пра гэта, нават без усялякіх палітычных акцэнтаў. Мне здаецца, людзі мусяць шанаваць перадусім сямейную гісторыю, і хаця б з гэтай нагоды абавязкова запісваць успаміны пра перадваенны, ваенны і пасляваенны час.

Па словах Уладзіміра Лобача, цікава пра перыяд вайны распавядаюць беларускія жанчыны:
– На жаль, век беларускіх мужчын карацейшы, чым жанчын. Іх аб’ектыўна больш засталося на вёсках. І, канешне, аповед жанчын больш эмацыйны, больш дэтальны, больш шчыры. Мужчыны, якія пераважна прайшлі савецкую армію, яны стараюцца займацца самацэнзурай, каб не сказаць чагосьці лішняга. Ну і потым яны не звяртаюць увагу на дэталі, важныя менавіта для жаночага дасведу.
Уладзімір Лобач паабяцаў беластоцкім беларусам, што наведае ў 2026-м годзе Беласток з прэзентацыяй свайго новага даследавання пра беларускую вёску.



Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






