BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Уладзіслаў Наважылаў: Гэта быў неверагодны форс-мажор

Госць Рацыі — пісьменнік, музыка, вядомы дзеяч сучаснай беларускай культуры Уладзіслаў Наважылаў, лідар гурта Gods Tower. Гутарым з ім пра неверагодны канцэрт на Кіпры, пра еўрапейскі тур, а таксама пра творчыя планы і новыя кнігі.

Лідар гурта Gods Tower Уладзіслаў Наважылаў.
Уладзіслаў Наважылаў

РР: Давайце нагадаем пра такі медыйны выпадак, які здарыўся з вамі і гуртом Gods Tower перад канцэртам на Кіпры.

Уладзіслаў: Мы планавалі зрабіць канцэрт на Кіпры, але атрымалася так, што пры пасадцы на самалёт кампаніі Wizzair мяне завярнулі па той прычыне, што яны палічылі мой праязны літоўскі дакумент, пашпарт замежніка, непрыдатным для таго, каб знаходзіцца на Кіпры. Таму мне адмовілі ў палёце. Хлопцы паляцелі, таму што наш гукарэжысёр сказаў, што тэхнічна магчыма зладзіць трансляцыю з Варшавы. Але без фанеры не абышлося, таму што мне трэба было пад штосьці спяваць. Атрымлівалася, што я неяк у мінуўшчыну спяваю. Вандроўка ў часе.

Мы палічылі, што не трэба адмяняць канцэрт, лепш паспрабаваць вырашыць гэтую праблему такім дзіўным чынам. І я думаю, што на працэнтаў 90 мы з гэтай праблемай справіліся.

РР: Распавядзіце падрабязней, як гэта было арганізавана. Там быў нейкі экран на сцэне?

Уладзіслаў: Так. Там мяне паказвалі, людзі бачылі, як я спяваў. Тэхнічна там шмат дэталяў, але спрошчана гэта выглядае так: спачатку хлопцы прапісалі ўсе песні мульцітрэкам і скінулі мне, пад іх я менавіта спяваў з метраномам. І гэта перадавалася на Кіпр, а хлопцы ўжо гралі жыўцом. Атрымлівалася такая цікавая штука. Фармальна гэта ўсё ж жывое выкананне, але вельмі дзіўнае. Я высветліў, што дагэль ніхто сур’ёзна не рабіў такіх трансляцый. Таму мы ў нейкім сэнсе піянеры такога руху.

РР: Гучыць сапраўды прарыўна з улікам тых цяжкасцяў з дакументамі, з якімі сутыкаюцца беларусы. Як патэнцыял на будучыню.

Уладзіслаў: Не сказаў бы так аптымістычна, бо гэта не распрацаваная штука, там будзе больш праблем, чым выніку. Лепш, канешне, не мець справу з гэтым, а граць жыўцом. Гэта значна лепш. Гэта павінен быць канкрэтны форс-мажор, каб на такое вырашыцца. Я б не параіў.

РР: Як дарэчы гэта сустрэлі вашыя слухачы на Кіпры?

Уладзіслаў: Вельмі пазітыўна. З разуменнем паставіліся да гэтага. Адзінае, што ўзнікла праблема, зацягуўся выступ на паўтары гадзіны і таму частка слухачоў сышла, не дачакалася. І была яшчэ адна праблема. У Варшаве я быў вымушаны спяваць пасля 22-х гадзіны. А як вядома ў Варшаве гэта ўжо час, калі гучна крычаць і спяваць нельга. І суседзі грукалі і з гаўбца крычалі. Таму прыйшлося скараціць праграму амаль у два разы. Інакш у нас маглі быць праблемы, бо я спяваў з прыватнай кватэры.

РР: Ну так, калі б гэта была якая-небудзь студыя. Сапраўды, з прыватнай кватэры спяваць позна ўвечары рызыкоўна.

Уладзіслаў: Былі ідэі знайсці студыю, але, на жаль, на гэты момант яны былі ўсе занятыя. Таму прыйшлося усё рабіць вельмі андэграўндна. Інакш гэта каштавала б шмат грошай і нерваў, таму мы рызыкнулі зрабіць так.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя