BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Уладзіслаў Наважылаў: Рыхтую да друку сваю другую кнігу

Госць Рацыі — лідар гурта Gods Tower, легенда беларускай метал-сцэны Уладзіслаў Наважылаў. Гэтым разам гутарым з ім пра літаратурную творчасць, у прыватнасці – пра выхад яго кнігі пад назвай «Білінгва».

РР: Распавядзіце, калі ласка, пра вашую кнігу. Якую яна мае назву, пра што яна? На якога чытача яна арыентавана?

Уладзіслаў Наважылаў: Кніга ўжо даволі старая. Яна была зроблена гады 2-3 назад. І гэта мой зборнік, у які я ўключыў свае творы, пачынаючы з пачатку стагоддзя і вось да моманту выхаду кнігі. Спачатку яна была зроблена ў выглядзе «электронкі». І была даступная для спампавання наогул бясплатна. Таму што я не знайшоў ніякіх дыстрыбутараў. Нікому не была цікавая. Усе казалі, што малайчына, але хадзі гуляй, у нас тут чарга.

І так атрымалася, што я наогул страціў цікавасць да супрацоўніцтва з беларускімі выдавецтвамі, таму што там вельмі дзіўная палітыка, мне не зразумелая. І мне стала не цікава. Але я працягваў пісаць. Адну аповесць напісаў, затым другую. І затым, так атрымалася, амаль выпадкова я звязаўся з Вольгай Іваноўскай, гэта галоўны рэдактар выдавецтва «Грунвальд», якое наогул знаходзіцца ў Канадзе. І вось яна зацікавілася маёй новай кнігай, якую я пачынаў пісаць на той момант. Яна называецца «Яблык у валізцы». Гэта нешта накшталт аўтабіяграфіі з элементамі магічнага рэалізму. Альбо наадварот. Магічны рэалізм з элементамі аўтабіяграфіі. Там шмат пра музыку, пра маё жыццё і ўсё такое.

Мы дамовіліся, што яны выдадуць гэтую кнігу. Але, што цікава, з’явіўся слот, і яны вырашылі выдаць спачатку тую кнігу, якая ўжо была. Бо «Білінгва» ўжо была гатовая, усё з ёй было добра, таму вырашылі, што спачатку выдадуць «Білінгву», а затым, таксама ў гэтым годзе, будзе яшчэ адна кніга, якая аўтабіяграфія. Але, хачу дадаць, што насамрэч друкаваны варыянт, які зараз з’явіўся, крыху адрозніваецца ад электроннай кнігі.

РР: Вы сказалі, што «Яблык у валізцы» – гэта такая асабістая гісторыя з элементамі магічнага рэалізму. А што ў зборніку «Білінгва» – гэта таксама вашая жыццёвая гісторыя? Ці штосьці іншае?

Уладзіслаў Наважылаў: Там ёсць і аўтабіяграфічныя навэлы пра тое, яе я турме сядзеў, ці пра тое, як я за межы ўцякаў. Такое ёсць. Там шмат навэл, якія я пісаў у мінулай дэкадзе. Яны зусім розныя. Там і спробы хорар напісаць ёсць, але ў асноўным гэта дакладна не рэалізм, не соцрэалізм і не фэнтэзі. Там яшчэ ёсць і мае вершы.

Цалкам размова:

Кніга Уладзіслава пакуль што дасяжная толькі на сайце кандска-беларускага выдаветства «Грунвальд», але з часам з’явіцца і на іншых пляцоўках.

Беларускае Радыё Рацыя