Кампазітара Ежы Максімюка, нараджэнца Гародні, у Польшчы адзначылі найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай — ордэнам Белага Арла, піша Hrodna.life. Гэтую ўзнагароду яму ўручылі на знак прызнання выдатнага ўнёску ў польскую культуру. Цырымонія адбылася 3 траўня ў Каралеўскім замку ў Варшаве. Ордэн кампазітару ўручаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Ежы Максімюк нарадзіўся ў Гародні ў 1936 годзе. У 1947-м іх сям’я перабралася ў Беласток. Ежы вывучаў фартэпіяна, дырыжыраванне ў Дзяржаўнай вышэйшай музычнай школе ў Варшаве (сёння гэта Музычны ўніверсітэт Фрыдэрыка Шапэна). У 1972 годзе Максімюк узначаліў Польскі камерны аркестр, які гастраляваў па ўсім свеце. А з 1983 па 1993 год ён кіраваў Шатландскім сімфанічным аркестрам BBC у Глазга.
Пазней гарадзенскі ўраджэнец супрацоўнічаў з Англійскай нацыянальнай операй, выступаў з Лонданскім сімфанічным аркестрам, Лонданскім філарманічным аркестрам, Нацыянальным аркестрам Францыі, а таксама Такійскім сталічным сімфанічным аркестрам. Максімюка лічаць адным з заснавальнікаў польскага Таварыства сучаснай музыкі. Ён пісаў музыку для кіно і балета, а таксама запісаў каля 100 кружэлак.
Ежы Максімюк таксама ўзнагароджаны польскім залатым Крыжом Ордэна Адраджэння і залатым медалём Gloria Artis.
Беларускае Радыё Рацыя