29 кастрычніка ва Уроцлаве прайшла вечарына, прысвечаная памяці беларускіх творцаў, якія сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій. Імпрэзу арганізавала Суполка беларусаў Уроцлава. Нагодай стала гадавіна трагічных падзей у Менску — у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года былі расстраляныя больш за сотню прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі: пісьменнікі, навукоўцы, грамадскія дзеячы. Сярод іх — 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладчыкі і крытыкі, чые імёны назаўсёды засталіся ў гісторыі беларускай культуры.

Падчас сустрэчы ўдзельнікі чыталі вершы, узгадвалі біяграфіі расстраляных літаратараў. Далучыліся таксама сябры ўкраінскіх арганізацый, традыцыйна выступіў вядомы літаратуразнаўца, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч. Падчас вечарыны таксама ўзгадвалі беларускіх палітвязняў — на сцэне гучалі творы Tor Band і Максіма Знака. Увагу прыцягнула візуальная частка імпрэзы: на экране “ажывалі” з дапамогай штучнага інтэлекту выявы рэпрэсаваных творцаў, а вершы і гісторыі суправаджаліся графічнымі ілюстрацыямі беларускай мастачкі Вольгі Зароўскай.

Арганізатары адзначылі, што гэтае мерапрыемства — адно з самых важных у календары падзей Суполкі беларусаў Уроцлава на працягу года. Яно заўсёды збірае вялікую колькасць людзей, і шмат хто ахвотна далучаецца да чытання вершаў, каб ушанаваць памяць рэпрэсаваных творцаў і выказаць сваю салідарнасць з усімі, хто працягвае змагацца за свабоду слова і культуру.

Фотаздымкі Ірыны Міхеевай






